§ 2. АБ’ЕКТЫ ПАЛІТЫЧНАЙ КАРТЫ СВЕТУ

Успамінаем.  Што такое палітычная карта свету? У чым заключаецца дынамічнасць палітычнай карты свету? Якія этапы фарміравання прайшла сучасная палітычная карта свету? Якія дзяржавы маюць самую вялікую плошчу?

Для чаго мы гэта вывучаем?  Чаму сучаснаму вучню неабходна ведаць асаблівасці фарміравання палітычнай карты свету? Выкажыце здагадку, для якіх спецыяльнасцей у будучыні гэта тэма стане найбольш актуальнай. У якіх установах адукацыі і на якіх спецыяльнасцях магчыма атрымаць адукацыю, звязаную з глыбокімі ведамі працэсаў, што адбываюцца на палітычнай карце свету?

Роля ААН у фарміраванні палітычнай карты свету. З моманту стварэння ў 1945 г. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ААН) садзейнічае ўмацаванню міру і спрыяе аднаўленню міру пры ўзнікненні ўзброеных канфліктаў. Аперацыі ААН па падтрыманні міру з’яўляюцца адным з найбольш эфектыўных інструментаў для забеспячэння міру і бяспекі.

Свет і Беларусь. З якога года Рэспубліка Беларусь з’яўляецца членам ААН?

Міратворчая дзейнасць ААН знаходзіць шырокае прымяненне ў сітуацыях, звязаных з унутрыдзяржаўнымі канфліктамі і грамадзянскімі войнамі. З моманту заснавання ААН ажыццявіла 71 аперацыю па падтрыманні міру (мал. 9).

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У канцы 1990-х гг. міратворчыя аперацыі былі праведзены ў ДР Конга, ЦАР, Сьера-Леонэ і Косава. У пачатку ХХІ ст. міратворцы ААН выконвалі свае задачы ў Ліберыі, Кот-д’Івуары, Паўднёвым Судане, Гаіці і Малі. У цяперашні час ажыццяўляецца 14 міратворчых аперацый (мал. 10).

ААН непасрэдна не ўплывае на фарміраванне палітычнай карты свету. Аднак членства ў ААН у сучаснай сістэме міжнародных адносін стала найважнейшым сімвалам усеагульнага прызнання дзяржаўнасці, свайго роду «залатым стандартам» міжнароднай законнасці.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Цікава, што асноўным і адзіным міжнародным дакументам, у якім пералічваюцца прыкметы дзяржаўнасці з пазіцыі міжнароднага права, з’яўляецца Канвенцыя Монтавідэа, падпісаная ў 1933 г. У ёй замацаваны чатыры асноўныя прыкметы дзяржавы: пастаяннае насельніцтва, пэўная тэрыторыя, уласны ўрад, здольнасць да ўступлення ў адносіны з іншымі дзяржавамі.