§ 2. АБ’ЕКТЫ ПАЛІТЫЧНАЙ КАРТЫ СВЕТУ
![]() Успамінаем. Што такое палітычная карта свету? У чым заключаецца дынамічнасць палітычнай карты свету? Якія этапы фарміравання прайшла сучасная палітычная карта свету? Якія дзяржавы маюць самую вялікую плошчу? |
![]() Для чаго мы гэта вывучаем? Чаму сучаснаму вучню неабходна ведаць асаблівасці фарміравання палітычнай карты свету? Выкажыце здагадку, для якіх спецыяльнасцей у будучыні гэта тэма стане найбольш актуальнай. У якіх установах адукацыі і на якіх спецыяльнасцях магчыма атрымаць адукацыю, звязаную з глыбокімі ведамі працэсаў, што адбываюцца на палітычнай карце свету? |
Роля ААН у фарміраванні палітычнай карты свету. З моманту стварэння ў 1945 г. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый (ААН) садзейнічае ўмацаванню міру і спрыяе аднаўленню міру пры ўзнікненні ўзброеных канфліктаў. Аперацыі ААН па падтрыманні міру з’яўляюцца адным з найбольш эфектыўных інструментаў для забеспячэння міру і бяспекі.
![]() Свет і Беларусь. З якога года Рэспубліка Беларусь з’яўляецца членам ААН? |
Міратворчая дзейнасць ААН знаходзіць шырокае прымяненне ў сітуацыях, звязаных з унутрыдзяржаўнымі канфліктамі і грамадзянскімі войнамі. З моманту заснавання ААН ажыццявіла 71 аперацыю па падтрыманні міру (мал. 9).
![]() Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. У канцы 1990-х гг. міратворчыя аперацыі былі праведзены ў ДР Конга, ЦАР, Сьера-Леонэ і Косава. У пачатку ХХІ ст. міратворцы ААН выконвалі свае задачы ў Ліберыі, Кот-д’Івуары, Паўднёвым Судане, Гаіці і Малі. У цяперашні час ажыццяўляецца 14 міратворчых аперацый (мал. 10). |
ААН непасрэдна не ўплывае на фарміраванне палітычнай карты свету. Аднак членства ў ААН у сучаснай сістэме міжнародных адносін стала найважнейшым сімвалам усеагульнага прызнання дзяржаўнасці, свайго роду «залатым стандартам» міжнароднай законнасці.
![]() Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Цікава, што асноўным і адзіным міжнародным дакументам, у якім пералічваюцца прыкметы дзяржаўнасці з пазіцыі міжнароднага права, з’яўляецца Канвенцыя Монтавідэа, падпісаная ў 1933 г. У ёй замацаваны чатыры асноўныя прыкметы дзяржавы: пастаяннае насельніцтва, пэўная тэрыторыя, уласны ўрад, здольнасць да ўступлення ў адносіны з іншымі дзяржавамі. |