§ 2. АБ’ЕКТЫ ПАЛІТЫЧНАЙ КАРТЫ СВЕТУ

Успамінаем.  Што такое палітычная карта свету? У чым заключаецца дынамічнасць палітычнай карты свету? Якія этапы фарміравання прайшла сучасная палітычная карта свету? Якія дзяржавы маюць самую вялікую плошчу?

Для чаго мы гэта вывучаем?  Чаму сучаснаму вучню неабходна ведаць асаблівасці фарміравання палітычнай карты свету? Выкажыце здагадку, для якіх спецыяльнасцей у будучыні гэта тэма стане найбольш актуальнай. У якіх установах адукацыі і на якіх спецыяльнасцях магчыма атрымаць адукацыю, звязаную з глыбокімі ведамі працэсаў, што адбываюцца на палітычнай карце свету?

Суверэнныя дзяржавы і залежныя тэрыторыі. На палітычнай карце свету XXI ст. пераважаюць суверэнныя дзяржавы. Гэта 193 краіны — члены ААН і 2 назіральнікі асаблівага статусу (Ватыкан і Палестына). Колькасць суверэнных дзяржаў расце. Так, калі ў 1900 г. у свеце было 55 суверэнных дзяржаў, то напярэдадні Другой сусветнай вайны — 71, а ў 1947 г. — 81. Да 2000 г. суверэнітэтам валодала ўжо больш за 190 краін.

У свеце ўсё ўзаемазвязана.  Прывядзіце прыклады з мастацкай літаратуры, якія адлюстроўваюць падзеі на палітычнай карце свету («Аповесць мінулых гадоў», «Слова пра паход Ігараў»).

Свет і Беларусь. Вызначыце, да якіх падзей на палітычнай карце свету адносяцца радкі Янкі Купалы:

Ты з Заходняй, я з Усходняй
Нашай Беларусі,
Больш з табою ўжо ніколі
Я не разлучуся...

Матэрыялы якіх вучэбных прадметаў вам неабходна ведаць пры вывучэнні тэмы? Адказ абгрунтуйце, канкрэтызуйце прыкладамі.

На палітычнай карце свету існуюць несамакіравальныя (залежныя) тэрыторыі. Яны ўяўляюць з сябе частку зямной паверхні з пэўнымі межамі, якой кіруе іншая дзяржава. Такая тэрыторыя не валодае палітычнай незалежнасцю, хоць можа карыстацца аўтаноміяй. Колькасць залежных тэрыторый у свеце скарачаецца. У цяперашні час іх налічваецца каля 30, з якіх 17 афіцыйна ўключаны ў спіс ААН.

Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце залежныя тэрыторыі. Якая з залежных тэрыторый знаходзіцца бліжэй за ўсё да Рэспублікі Беларусь?

Напрыклад, у Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне — гэта Новая Каледонія і Французская Палінезія, якія належаць Францыі; Гуам (ЗША); Піткэрн (Вялікабрытанія). Астатнія ўяўляюць заморскія тэрыторыі, дэпартаменты, асацыіраваныя дзяржавы (гл. мал. 8). Самая вялікая па колькасці насельніцтва залежная тэрыторыя — Пуэрта-Рыка, а самая вялікая па плошчы — Грэнландыя.

Клуб знаўцаў-эканомікагеографаў. Прыкладамі залежных краін або калоній могуць таксама служыць Гібралтар, Бермудскія і Фалклендскія астравы, востраў Святой Алены (Вялікабрытанія), Гвіяна, Марцініка, Рэюньён (Францыя), Усходняе Самоа (ЗША), Аруба і Кюрасао (Нідэрланды) і інш.