§ 1. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ СВЕТУ, ПРАДМЕТ І ЗАДАЧЫ Ў ЗАБЕСПЯЧЭННІ ЎСТОЙЛІВАГА РАЗВІЦЦЯ

Успамінаем.  Хто з навукоўцаў першым выкарыстаў тэрмін «геаграфія»? Чаму карту называюць «альфай і амегай» геаграфіі? Чаму геаграфія мае права называцца самастойнай навукай?

Для чаго мы гэта вывучаем?  Чаму сучаснаму чалавеку настолькі неабходныя веды ў галіне сацыяльна-эканамічнай геаграфіі? Выкажыце здагадку, як адсутнасць ведаў па геаграфіі можа перашкаджаць развіццю эканомікі дзяржавы. Ці ўзрастае роля геаграфіі як навукі ва ўмовах глабалізацыі?

Асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету. Традыцыйнымі напрамкамі сацыяльна-эканамічнай геаграфіі свету з’яўляюцца палітычная геаграфія, геаграфія насельніцтва і геаграфія сусветнай гаспадаркі, якая, у сваю чаргу, падзяляецца на геаграфію сельскай гаспадаркі, геаграфію прамысловасці і геаграфію сферы паслуг.

Аднак гэтыя тры асноўныя напрамкі развіваюцца ў цяперашні час у новых умовах. Для іх характэрныя рэгіянальныя канфлікты ў свеце, бурнае развіццё навукі і тэхналогій, дэмаграфічны пераход і постындустрыяльныя тэндэнцыі, транснацыяналізацыя і глабалізацыя. Дадзеныя працэсы адбываюцца ў сусветнай гаспадарцы настолькі маштабна ў ХХІ ст., што змяняюць звыклую структуру СЭГ свету. Гэта прыводзіць да з’яўлення новых напрамкаў у яе структуры (мал. 6).