§ 4. Грамадства і дзяржава ў краінах Старажытнага Усходу

Чаму менавіта форма ўсходняй дэспатыі была прынятая як форма кіравання пры складанні новых дзяржаўных утварэнняў?
Дзе і калі зарадзіліся старажытныя цывілізацыі? Пералічыце ўсе найбуйнейшыя цывілізацыі, якія існавалі ў I тысячагоддзі да н. э., і пакажыце іх на карце. Якую ролю ў жыцці старажытных цывілізацый адыгрывала геаграфічнае размяшчэнне? Якой была сацыяльная стратыфікацыя ў старажытнаўсходнім грамадстве? (Гісторыя Старажытнага свету, 5 клас)
3. Сістэма дзяржаўнага кіравання
Сістэма дзяржаўнага кіравання адыгрывала вызначальную ролю ва ўмовах, калі сацыяльныя структуры толькі складваліся. Эканамічнай асновай функцыянавання грамадства пры ўсходняй дэспатыі была дзяржаўная ўласнасць на зямлю. З аднаго боку, дзяржава на чале з правіцелем, якога абагаўлялі, была гарантам нармальнага функцыянавання грамадства і арганізацыі работ, з іншага — менавіта дзяржава пачала выступаць як інструмент эксплуатацыі часткі насельніцтва. А гэта выклікала супраціўленне і канфлікты.
Грамадства бачыла ў правіцелі захавальніка традыцый і парадку, якія звязваліся са спрыяннем багоў. Традыцыі павінны былі заставацца нязменнымі, а правіцель меў права судзіць за іх парушэнне. Такім чынам, яго постаць была звязана з ідэяй грамадскага дабрабыту і справядлівасці. Менавіта таму грамадства гатовае было падпарадкоўвацца правіцелю і яго чыноўнікам.
Часцей за ўсё правіцелі старажытнаўсходніх дэспатый уводзілі дзве пасады, на якія людзей назначалі асабіста: кіраўніка арміі (военачальніка) і кіраўніка адміністрацыйнага апарату.
Военачальнікі арганізоўвалі і кантралявалі армію, што вызначала іх вялікі ўплыў на палітыку правіцеляў. Кіраўнік дзяржаўнага апарату (канцылярыі) кіраваў усімі справамі ў краіне. Асобныя ведамствы фарміраваліся паступова. Сярод іх можна вылучыць ведамствы, якія займаліся ўлікам ураджаю і дзяржаўных запасаў, зборам падаткаў, грамадскімі работамі (у краінах Старажытнага Усходу насельніцтва было абавязана не толькі плаціць падаткі дзяржаве, але і выконваць дзяржаўныя павіннасці — грамадскія работы, да якіх адносіліся будаўніцтва ірыгацыйных каналаў і дзяржаўных сховішчаў, палацаў, крэпасцяў і храмаў, пракладанне дарог і вытворчасць важных рамесных вырабаў, узвядзенне раскошных грабніц правіцеляў).
Выразных межаў паміж ведамствамі і іх паўнамоцтвамі ў старажытнасці яшчэ не існавала. Таму чыноўнікаў было шмат: яны павінны былі ўсё арганізоўваць і сачыць за тым, што адбывалася ў дзяржаве, а таксама выконваць любыя даручэнні правіцеля. Ніводнае мерапрыемства не адбывалася без іх удзелу.
Увесь бюракратычны апарат быў выбудаваны ў адпаведнасці са строгай і выразнай іерархіяй, звязанай з існаваннем пасад высокіх і нізкіх рангаў. Чыноўнікі кожнага з рангаў адрозніваліся па сваім сацыяльным становішчы, для іх было прадугледжана спецыяльнае адзенне, а іншым разам нават ежа.
На ўсім працягу гісторыі Старажытнага Усходу дэспатыя як форма дзяржаўнага кіравання лічылася традыцыйнай, асвячонай рэлігіяй і адзіна магчымай. Часам адбываліся разбуральныя народныя паўстанні або ўварванні іншаземных народаў. Але форма кіравання пры гэтым заўсёды захоўвалася. Напрыклад, паўстанні ў Старажытным Кітаі і Старажытным Егіпце неаднаразова прыводзілі да звяржэння кіроўных дынастый, але ў выніку правадыры паўстанцаў станавіліся новымі правіцелямі, а іх паплечнікі — новымі арыстакратамі, займаючы высокія пасады ў дзяржаўным апараце. Тое ж адбывалася, калі тэрыторыю земляробчай цывілізацыі захоплівалі. Заваёўнікі стваралі новую дынастыю, якая арганізоўвалася паводле традыцыйнага прынцыпу, захопнікі паступова змешваліся з мясцовым насельніцтвам.
Формай дзяржаўнага ўладкавання краін Старажытнага Усходу стала ўсходняя дэспатыя. Грамадства было арганізавана па прынцыпе іерархіі саслоўяў. Абагаўлёны і ўсеўладны правіцель і яго бюракратычны апарат арганізоўвалі ўсё гаспадарчае і сацыяльнае жыццё. Адначасова правіцель быў гарантам стабільнасці існавання грамадства. Імкненне да атрымання ўсё больш высокіх ураджаяў вяло да неабходнасці ствараць вялікія ірыгацыйныя сістэмы, што прыводзіла да падпарадкавання і жорсткай эксплуатацыі часткі насельніцтва. Буйнейшыя збудаванні старажытнаўсходніх дэспатый маглі быць створаны пры слабым тэхнічным аснашчэнні толькі праз выкарыстанне вельмі напружанай працы нявольнікаў.
