§ 26. Краіны Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы
Ключавая ідэя: у пасляваенны перыяд краіны Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы прайшлі шлях ад агульнадэмакратычных пераўтварэнняў да сацыялізму на савецкі ўзор, а затым да паскоранай «капіталізацыі» грамадства і збліжэння с Захадам, перажываючы на кожным з этапаў новыя цяжкасці і праблемы.
Паняцце Усходняя Еўропа выкарыстоўваецца ў гістарычнай літаратуры перш за ўсё ў геапалітычным значэнні і абазначае рэгіён, які склаўся гістарычна і знаходзіўся ў пасляваенныя дзесяцігоддзі пад кантролем СССР. Пасля распаду Савецкага Саюза ў дачыненні да гэтага рэгіёну стала ўжывацца выключна геаграфічнае паняцце — Цэнтральная і ПаўднёваУсходняя Еўропа (ЦПУЕ).
У першыя пасляваенныя гады дзякуючы падтрымцы СССР камуністы ўсталявалі сваю непадзельную ўладу практычна ва ўсіх краінах Усходняй Еўропы. Адмовіўшыся ад агульнадэмакратычных пераўтварэнняў, яны абвясцілі ў 1947—1949 гг. афіцыйны курс на пабудову ў гэтых дзяржавах асноў сацыялізму. У якасці ўзору была ўзята савецкая мадэль сацыяльна-эканамічнага і палітычнага развіцця: прыярытэт дзяржавы ў эканоміцы, паскораная індустрыялізацыя, калектывізацыя, фактычная ліквідацыя прыватнай уласнасці, дыктатура кампартый, гвалтоўнае ўкараненне марксісцкай ідэалогіі, антырэлігійная кампанія і г. д. Стварэнне Савета эканамічнай узаемадапамогі (СЭУ) (1949) і ваенна-палітычнай Арганізацыі Варшаўскага дагавора (АВД) (1955) завяршыла фарміраванне сацыялістычнага лагера.
2. «Саветызацыя» палітыкі кампартый
Да 1947 г. істотна змянілася міжнароднае становішча. У самым разгары была «халодная вайна». Нябачны фронт супрацьстаяння паміж ЗША і СССР закрануў і ўсходнееўрапейскія краіны. Ва ўмовах росту міжнароднай напружанасці і гонкі ўзбраенняў Савецкі Саюз імкнуўся да ўмацавання бяспекі каля сваіх заходніх межаў. Пад кантроль была пастаўлена знешняя палітыка ўсходнееўрапейскіх дзяржаў. Савецкае кіраўніцтва катэгарычна забараніла іх кіраўнікам прымаць дапамогу ад ЗША па «плане Маршала», прапанаваную ў 1947 г. Яе асабліва імкнуліся атрымаць Польшча і Чэхаславакія. Замест яе ўсходнееўрапейскія краіны набылі вельмі выгадныя ўмовы гандлю з СССР.
Па патрабаванні Савецкага Саюза ў краінах Усходняй Еўропы быў афіцыйна абвешчаны курс на пабудову асноў сацыялізму на савецкі ўзор. У 1947—1948 гг. камуністы стварылі фактычна аднапартыйныя ўрады і ўсталявалі сваю непадзельную ўладу. Пачаліся сацыялістычныя пераўтварэнні ў эканамічнай, палітычнай, сацыяльнай і духоўнай сферах.
У эканамічнай сферы ажыццяўлялася паскораная індустрыялізацыя. Прамысловасць, банкі і гандаль былі нацыяналізаваны. Уводзілася дзяржаўная размеркавальная сістэма матэрыяльных выгод. Фактычна былі ліквідаваны прыватная ўласнасць і свабодныя рыначныя адносіны. Аграрная рэформа ў большасці краін завяршылася калектывізацыяй.
Значнымі былі перамены ў палітычнай і сацыяльнай сферах. Уся паўната ўлады сканцэнтравалася ў руках кампартый. Шматпартыйная сістэма альбо ліквідавалася (Венгрыя, Румынія, Югаславія, Албанія), альбо толькі абвяшчалася пры захаванні ўсеагульнага выбарчага права. Праявы незадаволенасці існуючы рэжым душыў. Пераважная частка насельніцтва аказалася занятай у дзяржаўным сектары эканомікі. У ідэалагічнай сферы ўзмацнялася ўкараненне марксісцкага светапогляду.