*§ 21—22-3. Дзейнасць антыгітлераўскай кааліцыі
Ключавая ідэя: Вялікая Перамога ў Другой сусветнай вайне была дасягнута агульнымі намаганнямі краін антыгітлераўскай кааліцыі, але вырашальную ролю ў разгроме фашысцкага блока адыграў Савецкі Саюз.
Антыгітлераўская кааліцыя фарміравалася ў перыяд з лета 1941 г. да лета 1942 г. У гэты час асноўным пытаннем для СССР было адкрыццё другога фронту, аднак яго вырашэнне зацягнулася да лета 1944 г., калі пераломны момант у вайне быў ужо пяройдзены, а ваенная магутнасць Савецкага Саюза ні ў каго не выклікала сумненняў.
4. Тэгеранская канферэнцыя
Ішоў ужо пяты год вайны, а лідары трох вялікіх дзяржаў антыгітлераўскай кааліцыі яшчэ ні разу не сустракаліся асабіста. Пасланні, якімі яны абменьваліся, не садзейнічалі вырашэнню існуючых праблем. 28 лістапада — 1 снежня 1943 г. у сталіцы Ірана Тэгеране адбылася першая ў гады вайны сустрэча «вялікай тройкі» — кіраўнікоў трох дзяржаў — СССР, ЗША і Вялікабрытаніі.
Асноўным пытаннем Тэгеранскай канферэнцыі было адкрыццё другога фронту ў Заходняй Еўропе. Нягледзячы на спробы Чэрчыля перасунуць дату на жнівень, канчаткова было вырашана адкрыць яго ў маі 1944 г.
Вострыя дыскусіі выклікала германскае пытанне, гэта значыць праблема пасляваеннага статусу Германіі. Чэрчыль і Рузвельт выступалі за яе падзел на мноства дзяржаў. Сталін прапанаваў адкласці вырашэнне гэтага пытання.
Спрэчкі на канферэнцыі выклікала і польскае пытанне. Сталіну ўдалося дабіцца згоды Рузвельта і Чэрчыля на перанос польскай усходняй мяжы на «лінію Керзана», а заходняй — на раку Одэр. Усе тэрытарыяльныя страты Польшчы на ўсходзе на карысць СССР планавалася кампенсаваць за кошт германскіх тэрыторый на захадзе. Абмяркоўвалася і стварэнне ААН.