§ 21—22-2. Вялікая Айчынная вайна
Ключавая ідэя: перамога ў Вялікай Айчыннай вайне была забяспечана не толькі ваенна-палітычнай перавагай, але і маральным, і духоўным адзінствам савецкага народа.
Вялікая Айчынная вайна стала цэнтральнай падзеяй Другой сусветнай вайны. Менавіта ўнёсак СССР, подзвіг савецкага народа ў канчатковым выніку сталі вызначальнымі ў перамозе над дзяржавамі «восі» і ў цэлым над фашызмам.
1. Мэты Германіі ў вайне супраць СССР
Захоп Еўропы Гітлер разглядаў як важнейшую ўмову заваявання «жыццёвай прасторы» для германскай нацыі на Усходзе. Яшчэ ў снежні 1940 г. ён зацвердзіў план «Барбароса», галоўнымі мэтамі якога былі хуткі («маланкавы») разгром СССР і акупацыя яго тэрыторыі да Волгі. Прыняты пазней план «Ост» прадугледжваў пераўтварэнне еўрапейскай часткі СССР у сыравінную калонію Германіі і засяленне яе нямецкімі перасяленцамі. Славянскае насельніцтва планавалася скараціць і ператварыць у малапісьменных слуг і танную рабочую сілу.