§ 19. Развіццё навукі і культуры ва ўмовах крызісу індустрыяльнага грамадства
Ключавая ідэя: у культуры знайшла адлюстраванне эпоха з яе светапоглядам, каштоўнасцямі, навуковымі і тэхнічнымі дасягненнямі; заўважна ўзмацніўся ўзаемаўплыў культур.
У першай палове XX ст. заходняя цывілізацыя перажывала сур’ёзныя выпрабаванні. Многія мысліцелі гаварылі пра яе крызіс, які быў звязаны не толькі з навуковым прагрэсам, але і з Першай сусветнай вайной, фашызмам, эканамічным крызісам 1929—1933 гг., каланіяльнымі праблемамі. У той час калі інтэлектуальнае асяроддзе перажывала духоўны крызіс, урбанізаваныя народныя масы індустрыяльных краін патроху адыходзілі ад спадчыны традыцыйнай культуры і пераймалі спажывецкую культуру забаў, прыўнесеную новымі камунікацыйнымі тэхналогіямі. Уступіўшы ў супярэчнасць з навуковым развіццём і эканамічнымі, палітычнымі, сацыяльнымі зменамі, царква вагалася паміж кансерватызмам, які абапіраўся на традыцыі, і жаданнем прыстасавацца да сучаснага свету.
3. Супярэчлівы характар развіцця навукі
Ва ўмовах перыядычнага абвастрэння міжнароднай палітыкі многія навуковыя адкрыцці і вынаходніцтвы ўсё часцей выкарыстоўваліся ў ваенных мэтах. З’явіліся новыя віды ўзбраенняў і ваеннай тэхнікі, у тым ліку танкі і самалёты, падводныя лодкі і караблі-браняносцы. Сур’ёзныя поспехі, дасягнутыя ў 1920—1930-я гг. у сферы ядзернай фізікі, максімальна наблізілі навукоўцаў да атрымання атамнай энергіі. Крыху пазней вучоныя змаглі стварыць атамную бомбу.
Такім чынам, развіццё сучаснай навукі і тэхнікі ад самага пачатку набывала супярэчлівы характар. З аднаго боку, яно садзейнічала прагрэсу і вяло да рэзкага паляпшэння жыцця і побыту людзей, а з іншага — рабіла ўсё больш масавымі і разбуральнымі сродкі знішчэння. Гэтая тэндэнцыя праявілася ўжо ў час Першай сусветнай вайны.