§ 18-2. Ідэалогіі нацыянальна-вызваленчага руху

Ключавая ідэя: ідэалогіі нацыянальна-вызваленчага руху выражалі пратэст народаў супраць прыгнечання, іх імкненне да нацыянальнай незалежнасці, самастойнасці і самабытнасці.

Паняцце «ідэалогія» ў навуковы зварот увёў французскі філосаф і эканаміст XVIII ст. А. Д. дэ Трасі. Ён разглядаў ідэалогію як асаблівую навуку, якая вывучала агульныя законы паходжання, прычыны фарміравання, развіццё ідэй і іх функцыянаванне ў грамадстве. Вучоны лічыў, што ідэалогія павінна стаць асновай усяго збору навук аб прыродзе чалавечага грамадства, перш за ўсё такіх як палітыка, этыка, педагогіка. Пры жыцці дэ Трасі ідэалогія не была прызнана ў якасці навукі.

Сучасная навука разглядае ідэалогію як сістэму поглядаў і ідэй, у якой усведамляюцца і ацэньваюцца стаўленне людзей адно да аднаго, сацыяльныя праблемы і канфлікты, а таксама ўтрымліваюцца мэты і праграмы сацыяльнай дзейнасці, накіраванай на замацаванне або змяненне такіх грамадскіх адносін.

2. Суньятсенізм

Ідэалагічнай асновай нацыянальна-вызваленчай барацьбы ў Кітаі стала вучэнне Сунь Ятсена. У 1905 г. ён абвясціў свае знакамітыя тры прынцыпы: нацыяналізм, народаўладдзе, народны дабрабыт.

Нацыяналізм разглядаўся як імкненне знішчыць прышлую маньчжурскую манархічную ўладу і аднавіць кітайскую нацыянальную дзяржаву, а таксама недатыкальнасць суверэнітэту Кітая.

Народаўладдзе прадугледжвала ўвядзенне канстытуцыйнага рэжыму і ліквідацыю імператарскай улады рэвалюцыйным шляхам, сіламі простага народа.

Народны дабрабыт ён разумеў як ажыццяўленне сацыяльных рэформ з апорай на канфуцыянскія нормы паводзін. Сунь Ятсен лічыў марксізм непрымальным для Кітая і быў прыхільнікам усталявання сацыяльнага партнёрства, эканамічнай і грамадскай гармоніі ў духу канфуцыянскай ідэі вялікага яднання народа.

Прынцып народнага дабрабыту заключаўся ў тым, каб усе людзі былі аднолькава забяспячаны сродкамі да існавання. Дабіцца гэтага Сунь Ятсен прапанаваў праз нацыяналізацыю буйных манаполій, ураўнаванне правоў на зямлю — «кожнаму земляробу сваё поле». Прадугледжвалася таксама мадэрнізацыя капіталістычнага ладу шляхам індустрыялізацыі Кітая і вывядзення яго на ўзровень Заходняй Еўропы і ЗША. Галоўную праблему Кітая ён бачыў у беднасці, а не ў сацыяльнай няроўнасці.

Сунь Ятсен надаваў вялікае значэнне сацыяльнаму дарвінізму — сацыялагічнай тэорыі, згодна з якой заканамернасці натуральнага адбору і барацьбы за выжыванне, выяўленыя Ч. Дарвінам у прыродзе, распаўсюджваюцца на адносіны ў чалавечым грамадстве. Пры такім падыходзе ўзнікае каласальная сацыяльная няроўнасць. Сунь Ятсен прыйшоў да высновы, што роўнасць існавала толькі ў першабытным грамадстве, а па меры яго развіцця яна немагчымая з-за адрознення прыродных інтэлектуальных і фізічных здольнасцей, якія даюцца людзям ад нараджэння.

У адрозненне ад Гандзі, Сунь Ятсен рабіў стаўку на гвалтоўныя і рэвалюцыйныя метады барацьбы супраць засілля Захаду.