§ 17. Усталяванне антыдэмакратычных рэжымаў у Еўропе

Ключавая ідэя: умовы Версальскага мірнага дагавора ўспрымаліся пераможанымі краінамі як абуральная несправядлівасць і спарадзілі рэваншысцкія настроі.

Архітэктары Версальскай сістэмы міжнародных адносін лічылі, што Першая сусветная вайна павінна стаць апошняй у гісторыі.

Пасля Першай сусветнай вайны аптымістычныя настроі змяніліся песімістычнымі. Пахіснулася вера ў дэмакратычныя інстытуты і свабодныя рыначныя адносіны. Грамадства, якое спачатку ўцягнула людзей у крывавую вайну, а затым апынулася не ў стане абараніць іх ад яе разбуральных вынікаў у першыя пасляваенныя гады, расчаравала еўрапейцаў. З падачы нямецкага філосафа О. Шпенглера сталі гаварыць пра «скон Еўропы», маючы на ўвазе пад гэтым, што старая буржуазная Еўропа сыходзіць у мінулае і на змену ёй павінен прыйсці нейкі новы грамадскі парадак. Камуністы бачылі выйсце ў рэвалюцыі і стварэнні бяскласавага сацыялістычнага грамадства, іх праціўнікі — ва ўсталяванні цвёрдага парадку і антыдэмакратычнай дыктатуры.

На хвалі ўсеагульнай незадаволенасці дэмакратыяй у некаторых краінах Еўропы ўзніклі таталітарныя фашысцкія рэжымы. Усталяванне фашызму стала найбольш яскравым сведчаннем крызісу заходнееўрапейскай цывілізацыі.

5. Практыка фашызму

Паражэнне ў Першай сусветнай вайне і нацыянальная знявага сфарміравалі ў немцаў комплекс непаўнавартаснасці і імкненне ўзяць рэванш. У 1920 г. Гітлерам былі абвешчаны праграмныя палажэнні НСДАП «25 пунктаў», у якіх былі выражаны сутнасць і спецыфіка нямецкага фашызму. Разам з фактычна сацыялістычнымі палажэннямі, якія падтрымала асноўная маса насельніцтва, былі выказаны патрабаванні пашырэння жыццёвай прасторы немцаў за кошт калоній, пабудовы монаэтнічнай нямецкай дзяржавы, ушчамлення ў правах неграмадзян, дамінавання ідэі расавай правагі. У далейшым усё гэта вылілася ў масавыя злачынствы, забойствы і генацыд многіх народаў.

У Італіі быў прадстаўлены класічны карпаратывісцкі варыянт фашызму. Мусаліні лічыў, што «фашызм больш правільна называць карпаратывізмам, бо ён азначае зрошчванне ўлады карпарацый і ўрада».

На італьянскі ўзор напярэдадні Другой сусветнай вайны фашызм узнік у Аўстрыі і Ірландыі. У Бельгіі і Іспаніі фашысты таксама выступалі за пабудову карпаратывісцкай дзяржавы, але на аснове каталіцызму.

Акрамя таго, у 1920—1930-я гг. фашысцкія арганізацыі ўзніклі ў Вялікабрытаніі, Нідэрландах, Партугаліі, Даніі, Ісландыі, Швейцарыі, Фінляндіі. У Францыі ў 1934 г. фашысцкі путч быў сарваны ў сувязі са стварэннем Народнага фронту, які складаўся з антыфашысцкіх партый.

Нарвежскі фашызм на чале з міністрам абароны В. Квіслінгам, як і нямецкі, фарміраваўся на платформе неаязычніцтва, спадчыны вікінгаў, якія разглядаліся як праява агульнагерманскай язычніцкай культуры.

У 1920-я гг. нацыянал-сацыялісцкія партыі на нямецкі ўзор узніклі і ў Швецыі. У 1921 г. у гэтай краіне быў адкрыты інстытут расавай біялогіі.

Дастаткова шырока фашызм быў прадстаўлены і ва Усходняй Еўропе: у Балгарыі, Румыніі, Албаніі, Венгрыі, Эстоніі, Латвіі, Літве, Чэхаславакіі, а таксама ў Югаславіі на базе канфлікту паміж праваслаўнымі сербамі і каталікамі-харватамі.

У Польшчы ў 1926 г. Ю. Пілсудскі фактычна ўсталяваў палітычную сістэму кіравання, якая мела нямала рыс фашызму.