§ 16. Краіны Захаду ў міжваенны перыяд

Ключавая ідэя: у міжваенны перыяд краіны Захаду прайшлі шлях ад аднаўлення і адноснага росквіту да эканамічнага крызісу, які ахапіў усе заходнія краіны.

Першае дзесяцігоддзе пасля завяршэння Першай сусветнай вайны можна падзяліць на два перыяды: пяць гадоў напружанага аднаўлення (1919—1923) і наступныя шэсць гадоў адноснага міру і росквіту (1924—1929). Другое пасляваеннае дзесяцігоддзе варта разглядаць як пралог да кровапралітнай і трагічнай сусветнай вайны 1939—1945 гг.

4. Шляхі выхаду з крызісу

Тэарэтычнай асновай для выхаду з крызісу стала вучэнне англійскага эканаміста Д. М. Кейнса, аўтара «Агульнай тэорыі занятасці, працэнта і грошай». Прыхільнікі кейнсіянства выступалі за актыўнае дзяржаўнае рэгуляванне эканомікі, а таксама попыту і прапанавання тавараў і паслуг. Вялікую ўвагу яны надавалі дзяржаўнаму крэдытаванню насельніцтва для павышэння плацежаздольнасці грамадзян.

У 1933 г. у Еўропе і ЗША абазначыліся тры асноўныя варыянты пераадолення эканамічнага крызісу. Буржуазна-рэфармісцкі, неаліберальны варыянт ажыццяўляўся ў Злучаных Штатах. У гэтай краіне рашуча адмовіліся ад эканамічнага лібералізму і пачалі праводзіць «новы курс», заснаваны на дзяржаўным рэгуляванні эканомікі. Па тым жа шляху, хаця і не так паслядоўна, пайшла Вялікабрытанія. Таталітарны варыянт рэалізоўваўся ў фашысцкай Італіі і гітлераўскай Германіі. У Францыі намячаўся сацыял-рэфармісцкі варыянт выхаду з крызісу, які прадугледжваў частковую нацыяналізацыю вытворчасці, планаванне эканомікі, правядзенне буйных сацыяльных рэформ. Гэта выявілася ў дзейнасці ўрада Народнага фронту.