§ 5-3. ЗША ў ХІХ — пачатку ХХ ст.

Ключавая ідэя: пасля завяршэння Грамадзянскай вайны пачалося бурнае эканамічнае развіццё ЗША, якія апярэдзілі ўсе астатнія краіны свету.

Злучаныя Штаты Амерыкі — адна з самых маладых дзяржаў свету. 250 гадоў па гістарычных мерках — зусім невялікі тэрмін. Але гэтага аказалася дастаткова, каб ЗША ператварыліся ў самую моцную і магутную дзяржаву свету. Складана адказаць на пытанне, чаму і як гэта адбылося. Зразумела толькі тое, што вытокі ўзвышэння ЗША варта шукаць у асаблівасцях іх гістарычнага развіцця.

ЗША ў ХІХ — пачатку ХХ ст. — гэта не толькі гісторыя эканамічнага ўздыму, грандыёзных поспехаў ва ўсіх сферах жыцця грамадства і дзяржавы, але і гісторыя нястрымнага пашырэння межаў дзяржавы, у тым ліку заваёвы суседніх тэрыторый.

5. Асаблівасці амерыканскай палітычнай сістэмы

Першыя партыі ЗША — федэралісты і рэспубліканцы — узніклі на мяжы XVIII—XIX стст. Федэралісты выражалі інтарэсы буржуазіі і плантатараў, выступалі за гандлёва-прамысловы шлях развіцця капіталізму. Рэспубліканцы выражалі інтарэсы зямельнай арыстакратыі, падтрымлівалі аграрны шлях развіцця, пашырэнне буржуазна-дэмакратычных рэформ.

У перыяд англа-амерыканскай вайны 1812—1814 гг. федэралісты атрымлівалі падтрымку ад англічан і таму зніклі з палітычнай арэны. Да канца 1820-х гг. у краіне панавала адна Рэспубліканская партыя. У 1828 г. у час выбарчай кампаніі была сфарміравана Дэмакратычная партыя. Яе лідар Э. Джэксан стаў новым прэзідэнтам ЗША. Новая Рэспубліканская партыя ўзнікла ў 1854 г. Яе прыхільнікі былі супраць рабаўладання і выступалі за развіццё банкаўскай справы, будаўніцтва чыгунак і фабрык, прадастаўленне фермерам зямлі бязвыплатна.

Сфарміраваўся іншы варыянт двухпартыйнай сістэмы, прадстаўлены дзвюма буржуазнымі партыямі — рэспубліканцамі і дэмакратамі. Па меры развіцця капіталізму сацыяльная база і праграмныя ўстаноўкі гэтых партый паступова збліжаліся. Абедзве партыі сталі прадстаўляць інтарэсы манапалістычнага капіталу і вялі барацьбу толькі за даходныя пасады ў дзяржаўным апараце.

Нягледзячы на некаторыя адрозненні, дэмакраты і рэспубліканцы ўяўляюць сабой адзіную палітычную сістэму абароны асноў капіталістычнага ладу. Чыста амерыканская асаблівасць сістэмы ў тым, што абедзве партыі не дапускаюць у свой гістарычна складзены саюз ніякую іншую палітычную сілу.