§ 29. Распад каланіяльнай сістэмы
Ключавая ідэя: пасля Другой сусветнай вайны склаліся спрыяльныя ўмовы для крушэння каланіяльнай сістэмы.
Пасля Другой сусветнай вайны рэзка змяніліся суадносіны сіл на міжнароднай арэне. Уплыў еўрапейскіх краін зменшыўся, у той час як ЗША і СССР сталі звышдзяржавамі, паміж якімі пачалася «халодная вайна». Але, магчыма, самымі істотнымі зменамі былі крах каланіяльнай сістэмы і з’яўленне вялікай колькасці новых незалежных дзяржаў.
2. Краіны, якія развіваюцца
Новыя дзяржавы Азіі і Афрыкі, а таксама Лацінскай Амерыкі сталі называць краінамі, якія сталі на шлях развіцця, або краінамі трэцяга свету. Падчас «халоднай вайны» тэрмін «трэці свет» выкарыстоўваўся для абазначэння дзяржаў з менш развітымі тэхналогіямі, чым у «першым свеце» (заходнія індустрыяльныя дзяржавы і Японія) або «другім свеце» (краіны сацыялістычнага лагера).
Пасля 1945 г. у Азіі і Афрыцы склаліся тры асноўныя групы дзяржаў. Да сацыялістычных краін адносіліся Манголія, Кітай, В’етнам, Лаос, Камбоджа, Паўночная Карэя (КНДР). Сёння гэтага шляху развіцця працягвае прытрымлівацца Паўночная Карэя. Каля 20 краін да распаду СССР лічыліся краінамі з «сацыялістычнай арыентацыяй». Гэта, напрыклад, Егіпет, Ірак, Афганістан, Алжыр, Эфіопія, Ангола і інш. Трэцюю групу дзяржаў складаюць краіны, якія ідуць па капіталістычным шляху развіцця. Некаторыя з іх сёння ўжо дасягнулі ўзроўню постіндустрыяльнага грамадства — напрыклад, Японія, Паўднёвая Карэя і інш.