§ 28. Расійская Федэрацыя
Ключавая ідэя: перажыўшы эканамічнае і ваенна-тэхнічнае аслабленне ў 1990-я гг., Расія здолела ўмацаваць свой суверэнітэт і сёння аказвае значны ўплыў на геапалітычную сітуацыю ў свеце.
РСФСР, найбуйнейшая па тэрыторыі і насельніцтве саюзная рэспубліка, адыгрывала дамінуючую ролю ў СССР. Аднак, як і астатнія рэспублікі, уласнай дзяржаўнасці ў савецкі перыяд яна фактычна не мела. Працэс палітычнага рэфармавання і суверэнізацыі РСФСР пачаўся пасля выбараў дэлегатаў З’езда народных дэпутатаў РСФСР у сакавіку 1990 г. У выніку выбараў каля паловы дэпутацкіх месцаў атрымалі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, лідарам якіх стаў першы сакратар Маскоўскага гаркама КПСС Б. М. Ельцын. У маі 1990 г. ён быў абраны старшынёй Вярхоўнага Савета РСФСР.
Важнымі крокамі на шляху пабудовы новай дзяржаўнасці РСФСР сталі прыняцце Дэкларацыі аб суверэнітэце 12 чэрвеня 1990 г. і заснаванне інстытута ўсенародна абранага прэзідэнта. Першым прэзідэнтам РСФСР быў абраны 12 чэрвеня 1991 г. Б. М. Ельцын. Расія аднавіла свае гістарычныя дзяржаўныя сімвалы і стала афіцыйна называцца Расійскай Федэрацыяй (РФ). Расійскае грамадства ўступіла ў перыяд складанай і супярэчлівай трансфармацыі.
1. Радыкальная эканамічная рэформа
У выніку жнівеньскіх падзей 1991 г. і распаду СССР да ўлады ў Расійскай Федэрацыі прыйшлі радыкальна настроеныя рэфарматары. Іх лідары былі перакананымі прыхільнікамі канцэпцыі свабодных рыначных адносін і рашуча выступалі супраць дзяржаўнага кантролю над эканомікай. Яны лічылі, што вольны рынак зменіць эканоміку Расіі, сфарміруе сярэдні клас і закладзе ўстойлівыя асновы палітычнай дэмакратыі.
Стаўку зрабілі на манетарысцкія метады пераходу да рынку, для якіх характэрны жорсткія сродкі паскоранай лібералізацыі і так званая шокавая тэрапія, ужо ўжываная ў Польшчы і ў краінах Лацінскай Амерыкі. У 1992—1993 гг. рэфарматары ажыццявілі цэлы шэраг мерапрыемстваў, найважнейшымі з якіх былі ўвядзенне свабодных цэн, лібералізацыя гандлю, прыватызацыя дзяржаўных прадпрыемстваў і жылля.
Вялікае значэнне надавалася змене статусу ўласнасці ў грамадстве. Урад меркаваў, што прыватызацыя прывядзе да фарміравання шырокага пласта ўласнікаў ў якасці сацыяльнай базы рыначнай эканомікі і дэмакратычнага грамадства і да павышэння эфектыўнасці вытворчасці.
Першыя вынікі рэформаў пераўзышлі самыя змрочныя асцярогі і мелі драматычныя наступствы. Цэны выраслі ў дзясяткі разоў замест меркаванага максімуму ў тры разы. Рост заробкаў і пенсій не паспяваў за ростам цэн. Працяг палітыкі «шокавай тэрапіі» прывёў да заняпаду прадпрыемстваў лёгкай і абароннай прамысловасці, сельскагаспадарчага комплексу. Большая частка насельніцтва апынулася за мяжой беднасці, а надзеі на фінансавую дапамогу Захаду не спраўдзіліся. У грамадстве шырылася масавая незадаволенасць палітыкай выканаўчай улады. Курс на радыкальныя рэформы не быў падтрыманы Вярхоўным Саветам РФ, які прапанаваў канцэпцыю большай сацыяльнай абароненасці насельніцтва.