§ 23. Свет пасля Другой сусветнай вайны
Ключавая ідэя: адметнай асаблівасцю новай эпохі з’яўляецца пераход ад біпалярнага свету да фарміравання новай палітычнай структуры, да новай сістэмы міжнародных адносін.
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны найбольшы ўплыў у свеце мелі дзве вялікія дзяржавы — СССР і ЗША. Сфарміравалася сістэма міжнародных адносін, якая характарызавалася расколам свету на дзве грамадска-палітычныя сістэмы, што варагавалі паміж сабой, — капіталістычную і сацыялістычную. Да канца 1980-х гг. паміж імі ішла «халодная вайна» — ваеннае, палітычнае, ідэалагічнае і эканамічнае супрацьстаянне паміж СССР і яго прыхільнікамі з аднаго боку і ЗША і іх саюзнікамі з другога.