§ 21—22-1. Другая сусветная вайна і яе вынікі

Ключавая ідэя: Другая сусветная вайна стала буйнейшым ваенным сутыкненнем у гісторыі чалавецтва. Яна пачалася ў выніку абвастрэння супярэчнасцей паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі.

Другая сусветная вайна стала працягам экспансіянісцкай палітыкі нацысцкай Германіі і ў выніку самым працяглым і разбуральным канфліктам у гісторыі чалавецтва.

Асноўнай прычынай Другой сусветнай вайны было імкненне Германіі, Італіі і Японіі да перадзелу свету і стварэння вялізных каланіяльных імперый. З боку краін-агрэсараў вайна мела захопніцкі характар, яны выношвалі планы фізічнага знішчэння «непаўнацэнных» народаў.

Нягледзячы на ідэалагічныя і палітычныя супярэчнасці паміж краінамі, якія сталі ахвярамі агрэсараў, іх лідары паступова ўсведамлялі неабходнасць бескампраміснай барацьбы супраць агульнага ворага да таго часу, пакуль ён не будзе пераможаны канчаткова. У гады вайны была ўтворана антыгітлераўская кааліцыя, асновай якой сталі СССР, ЗША і Вялікабрытанія. Вырашальную ролю ў разгроме фашысцкай Германіі і яе саюзнікаў адыграў Савецкі Саюз.

Пытанні

1. Параўнайце ваенныя кампаніі Германіі на захадзе Еўропы і супраць СССР. Растлумачце, чаму ёй не ўдалося захапіць Вялікабрытанію. Па якіх прычынах, не дабіўшыся капітуляцыі Вялікабрытаніі, Гітлер усё ж вырашыў напасці на Савецкі Саюз?

2. Патлумачце, чаму ў СССР пацярпеў крах гітлераўскі план «маланкавай вайны».

3. У гады Другой сусветнай вайны склалася пяць асноўных тэатраў ваенных дзеянняў. Выкарыстоўваючы карту, вызначце іх.

4. Якія падзеі сталі пераломнымі ў ходзе Другой сусветнай вайны? Растлумачце, па якіх прычынах.

5. Чаму СССР уступіў у вайну супраць Японіі? Якія фактары сталі вырашальнымі ў яе разгроме?

6. Параўнайце Першую і Другую сусветныя войны, выкарыстоўваючы наступныя характарыстыкі:

  • храналагічныя рамкі;
  • асноўныя тэатры ваенных дзеянняў;
  • асноўныя ўдзельнікі;
  • агульная колькасць краін, якія прынялі ўдзел у вайне;
  • вынікі вайны.

7. Якія ўрокі павінна вынесці чалавецтва, перажыўшы ў першай палове ХХ ст. дзве сусветныя вайны?