§ 21—22-1. Другая сусветная вайна і яе вынікі
Ключавая ідэя: Другая сусветная вайна стала буйнейшым ваенным сутыкненнем у гісторыі чалавецтва. Яна пачалася ў выніку абвастрэння супярэчнасцей паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі.
Другая сусветная вайна стала працягам экспансіянісцкай палітыкі нацысцкай Германіі і ў выніку самым працяглым і разбуральным канфліктам у гісторыі чалавецтва.
Асноўнай прычынай Другой сусветнай вайны было імкненне Германіі, Італіі і Японіі да перадзелу свету і стварэння вялізных каланіяльных імперый. З боку краін-агрэсараў вайна мела захопніцкі характар, яны выношвалі планы фізічнага знішчэння «непаўнацэнных» народаў.
Нягледзячы на ідэалагічныя і палітычныя супярэчнасці паміж краінамі, якія сталі ахвярамі агрэсараў, іх лідары паступова ўсведамлялі неабходнасць бескампраміснай барацьбы супраць агульнага ворага да таго часу, пакуль ён не будзе пераможаны канчаткова. У гады вайны была ўтворана антыгітлераўская кааліцыя, асновай якой сталі СССР, ЗША і Вялікабрытанія. Вырашальную ролю ў разгроме фашысцкай Германіі і яе саюзнікаў адыграў Савецкі Саюз.
1. Галоўныя этапы Другой сусветнай вайны
У ходзе Другой сусветнай вайны можна вылучыць пяць этапаў.
Першы этап (1 верасня 1939 г. — 21 чэрвеня 1941 г.) характарызаваўся вядзеннем так званай «дзіўнай вайны», а таксама захопам нямецкімі войскамі многіх дзяржаў Еўропы. Другі этап (22 чэрвеня 1941 г. — лістапад 1942 г.) — уступленнем у вайну СССР, адступленнем Чырвонай арміі і першай яе перамогай у бітве за Маскву, пачаткам фарміравання антыгітлераўскай кааліцыі. Трэці этап (сярэдзіна лістапада 1942 г. — канец 1943 г.) быў азнаменаваны карэнным пераломам у ходзе вайны, буйнейшымі перамогамі Чырвонай арміі пад Сталінградам і Курскам, паспяховым наступленнем англа-амерыканскіх войскаў у Афрыцы і капітуляцыяй Італіі, умацаваннем саюзніцкіх адносін паміж краінамі антыгітлераўскай кааліцыі. На чацвёртым этапе (канец 1943 г. — 9 мая 1945 г.) Чырвонай арміяй ад фашысцкіх захопнікаў былі вызвалены заходнія вобласці СССР, Польшча, Румынія, Балгарыя, Чэхаславакія, Усходняя Германія, адкрыўся другі фронт, адбылася поўная і безагаворачная капітуляцыя Германіі. Заключны пяты этап (9 мая 1945 г. — 2 верасня 1945 г.) Другой сусветнай вайны ахоплівае ваенныя дзеянні саюзніцкіх войскаў на Далёкім Усходзе і ў Паўднёва-Усходняй Азіі супраць Японіі, якія завяршыліся яе разгромам і капітуляцыяй.