§ 20. Свет на шляху да новай сусветнай вайны
Ключавая ідэя: палітыка «прымірэння» агрэсара прывяла да радыкальнага змянення балансу сіл у Еўропе, аслаблення геапалітычных пазіцый Вялікабрытаніі і Францыі. Вайна стала непазбежнай.
Версальска-Вашынгтонская сістэма міжнародных адносін, створаная пасля Першай сусветнай вайны, задавальняла многія краіны, акрамя Германіі, Японіі і Італіі. Гэтыя тры дзяржавы ў далейшым і стварылі ачагі новай сусветнай вайны. З усталяваннем таталітарных рэжымаў у Італіі, а затым і ў Германіі ўсё больш выразна абазначаліся іх агрэсіўныя памкненні. Фашысцкія ўрады гэтых краін ставілі сваёй мэтай перагледзець Версальскі і іншыя мірныя дагаворы і стварыць «новы сусветны парадак». Ліга Нацый, у статуце якой былі прадугледжаны і калектыўныя меры супраць агрэсара для вырашэння канфліктных сітуацый, на жаль, не змагла забяспечыць жаданай стабільнасці ў Еўропе.
1. Эпоха пацыфызму і адноснай стабілізацыі ў Еўропе
1920-я гг. у еўрапейскай гісторыі лічацца «эрай пацыфызму». Пацыфізм — ідэалогія непрыняцця гвалту.
У гэты перыяд удалося ўрэгуляваць складаныя палітычныя супярэчнасці шляхам падпісання шэрагу важных міжнародных пагадненняў і ўсталявання ў 1919—1922 гг. новай сістэмы міжнародных адносін — Версальска-Вашынгтонскай. Надышоў перыяд адносна мірнага суіснавання і часовай стабільнасці. Людзі памяталі нядаўнія жахі вайны і ні ў якім выпадку не хацелі яе паўтарэння. Паўсюль гучалі лозунгі з заклікамі да міру і раззбраення.
Гэты перыяд таксама называюць перыядам росквіту, паколькі ва ўмовах міру ў многіх краінах заходняга свету назіраліся ўздым прамысловасці, развіццё новых галін эканомікі і сродкаў камунікацыі.
Аднак «эпоху пацыфызму» можна назваць і часам «зацішша перад бурай». Пераможаныя краіны яшчэ не аднавіліся пасля сусветнай вайны і папросту не маглі ваенным шляхам супрацьстаяць парадкам, усталяваным Версальска-Вашынгтонскай сістэмай. «Эра пацыфызму» дала ім магчымасць аднавіць эканоміку і ўмацаваць ваенны патэнцыял. Менавіта ў 1920-я гг. у Італіі і Германіі пачала фарміравацца ідэалогія фашызму.