§ 3-2. Напалеонаўскія войны і іх вынікі

Ключавая ідэя: у ходзе напалеонаўскіх войнаў у Еўропе сфарміравалася палітычная, эканамічная і сацыяльная сістэма, характэрная для буржуазнага грамадства; напалеонаўскія войны перакроілі карту Еўропы.

Рэвалюцыйная Францыя, якая стала на шлях буржуазных пераўтварэнняў, аказалася ў знешнепалітычнай ізаляцыі. Адбіўшы агрэсію з боку іншых дзяржаў, напалеонаўская Францыя хутка перайшла да тэрытарыяльнай экспансіі, якая была заклікана цалкам перакроіць усю палітычную карту Еўропы.

4. Разгром імперыі Напалеона

Тэрыторыя Расіі стала галоўным тэатрам ваенных дзеянняў, на якім вырашаўся лёс напалеонаўскай імперыі. Перамагчы кааліцыю Расіі і Вялікабрытаніі Напалеон так і не здолеў.

Пры гэтым ён быў вымушаны ваяваць на два франты, бо лепшыя сілы Напалеона (от 200 до 300 тыс. чалавек) знаходзіліся ў Іспаніі. Там ішла партызанская вайна супраць напалеонаўскай арміі, у якой іспанцам дапамагалі ўсё тыя ж англічане. Яшчэ 200 тыс. чалавек былі раскватараваны ў Еўропе.

Прычыны вайны з Расіяй былі глыбокія і шматгранныя. Асноўная прычына — імкненне Напалеона да ўсталявання сусветнай гегемоніі, на шляху да якой стаялі Расія і Вялікабрытанія. Напалеон усяляк падрываў аўтарытэт Расіі на міжнароднай арэне, увесь час намякаў на дачыненне Аляксандра I да забойства імператара Паўла. Асабістая непрыязнасць паміж двума імператарамі асабліва ўзрасла пасля адмовы Аляксандра I аддаць замуж за Напалеона княжну Кацярыну, а затым і княжну Ганну. Са свайго боку Аляксандр I імкнуўся разарваць ганебны Тыльзіцкі мір, які абмяжоўваў выгадны гандаль з Англіяй, і аднавіць у Еўропе ранейшы палітычны ўплыў.

12 (24) чэрвеня 1812 г. Напалеон уварваўся ў Расію з Вялікай арміяй агульнай колькасцю больш за 600 тыс. чалавек. Гэта была інтэрнацыянальная армія. Менш за палову салдат складалі французы. Сам Напалеон гаварыў аб тым, што ў Вялікай арміі «па-французску не гавораць і 140 тысяч». Астатнія — немцы, палякі, італьянцы, іспанцы, аўстрыйцы, харваты, швейцарцы і г. д. Руская армія налічвала каля мільёна чалавек, але тая была раскідана па неабсяжных прасторах Расіі.

Важную ролю ў перамозе над Напалеоном адыграў план фактычна выконваючага абавязкі галоўнакамандуючага рускай арміяй у пачатку Айчыннай вайны 1812 г. М. Б. Барклая-дэ-Толі. У адпаведнасці з яго планам прадугледжвалася адступленне рускай арміі і завабліванне французскіх войскаў углыб краіны — гэта быў так званы скіфскі план. Дзве рускія арміі, якія адступалі — Барклая-дэ-Толі і Баграціёна, — злучыліся каля Смаленска, але даць вырашальную бітву ім не ўдалося.

У гэты час галоўнакамандуючым усімі рускімі арміямі і апалчэннямі стаў М. І. Кутузаў, які карыстаўся вялікай папулярнасцю ў арміі і грамадстве. Палкаводзец добра ўсведамляў сілу і моц напалеонаўскай арміі. Ён не быў схільны да безаглядных бітваў, таму рускія войскі адступалі, рыхтуючыся да вырашальнай бітвы. Кутузаву прыпісваюць словы: «Мы Напалеона не пераможам. Мы яго ашукаем».

У Барадзінскай бітве 26 жніўня 1812 г. Напалеон упершыню не дабіўся пастаўленых мэт. Сваё ўступленне ў Маскву і адступленне рускіх войскаў да сяла Таруціна ён успрыняў як перамогу. Дапушчаную памылку ён асэнсаваў тады, калі ўжо было позна што-небудзь змяніць на сваю карысць. Узмацненне рускай арміі і патрыятычны ўздым народа прымусілі яго пайсці з Масквы. Рускае камандаванне навязала французам адступленне па спустошанай ваеннымі дзеяннямі Смаленскай дарозе, па якой Вялікая армія наступала на Маскву. Рэшткі французскай арміі адступалі пры «паралельным пераследаванні» з боку рускіх войскаў.

У 1813 г. Аляксандр I выдаў загад арміі перайсці граніцу і рухацца на вызваленне Еўропы. У самай буйной бітве эпохі напалеонаўскіх войнаў — «бітве народаў» пад Лейпцыгам у кастрычніку 1813 г. — французы пацярпелі скрышальны разгром ад кааліцыі, прадстаўленай Расіяй, Англіяй, Швецыяй, Партугаліяй і Іспаніяй. У пачатку 1814 г. саюзнікі занялі Парыж. Напалеон адрокся ад трона і быў сасланы на востраў Эльба каля берагоў Італіі.

У Францыі была адноўлена ўлада Бурбонаў. Рэстаўрацыя дарэвалюцыйных парадкаў выклікала выбух незадаволенасці, што дало магчымасць Напалеону ў сакавіку 1815 г. з трыумфам вярнуцца са ссылкі і на 100 дзён захапіць уладу. У чэрвені 1815 г. каля вёскі Ватэрлоа ў Бельгіі войскі антыфранцузскай кааліцыі нанеслі арміі Напалеона канчатковае паражэнне. Бітвай пад Ватэрлоа скончылася эпоха напалеонаўскіх войнаў.

Пасля напалеонаўскіх войнаў Францыя аказалася пад уплывам Вялікабрытаніі. Расія стала кантынентальнай дзяржавай нумар адзін і галоўным праціўнікам Англіі.