§ 2. Першабытная гісторыя чалавецтва

 Ці можна перыяд першабытнага грамадства лічыць перыядам прагрэсу чалавецтва?
На якія перыяды падзяляецца гісторыя Старажытнага свету? Чым родавая абшчына адрознівалася ад суседскай? Што такое культура? Якую ролю адыгрывалі міфы ў старажытным грамадстве? Якія навуковыя і рэлігійныя дыскусіі вядуцца па праблеме паходжання чалавека і грамадства? (Гісторыя Старажытнага свету, 5 клас; біялогія, 7 клас; грамадазнаўства, 9 клас)

1. Перыядызацыя гісторыі першабытнага грамадства

Найстаражытнейшы перыяд чалавечай гісторыі (перадгісторыі) — ​ад з’яўлення першых людзей да ўзнікнення першых цывілізацый — ​атрымаў назву гісторыя першабытнага грамадства. Гэта самы працяглы перыяд гісторыі чалавецтва, які ахоплівае некалькі мільёнаў гадоў.

Нашы веды пра гісторыю гэтага перыяду грунтуюцца не на пісьмовых крыніцах, а толькі на звестках археалогіі. Таму даводзіцца рэканструяваць карціну свету старажытных людзей: пра што яны думалі, як уяўлялі сабе навакольную рэчаіснасць. Гэта галоўная цяжкасць у вывучэнні першабытнасці. Таксама складаным уяўляецца пытанне аб рассяленні невялікіх радавых абшчын на вялізнай тэрыторыі. Людзі рэдка вялі аселае жыццё, часта перамяшчаліся, таму археолагам вельмі цяжка знайсці матэрыяльныя сведчанні іх жыцця. Найчасцей вучоныя знаходзяць фрагменты шкілетаў людзей, але за сотні тысяч або нават мільёны гадоў яны захаваліся дрэнна. Таму складана стварыць цэласную карціну эвалюцыі чалавека на аснове гэтых фрагментарных знаходак. Аднак на сённяшні дзень сабраны значны матэрыял, які дае магчымасць пабудаваць схему развіцця чалавека і скласці перыядызацыю першабытнага грамадства.

Існуе шэраг сістэм перыядызацыі першабытнай гісторыі: геалагічная, археалагічная, антрапалагічная і інш. Геалагічная перыядызацыя грунтуецца на паслядоўнай змене эпох развіцця самой Зямлі. Яна не можа даць нам адказы на пытанні аб развіцці чалавека. Антрапалагічная перыядызацыя адзначае этапы змянення фізічнага выгляду чалавека па знойдзеных касцявых парэштках. Найбольш распрацаванай з’яўляецца археалагічная перыядызацыя, заснаваная на вывучэнні зробленых чалавекам прылад працы і выкарыстаных для гэтага матэрыялаў.