§ 9. Крызіс традыцыйнага грамадства ў краінах Усходу

Ключавая ідэя: пранікненне замежнага капіталу садзейнічала развіццю капіталістычных адносін у дзяржавах Усходу, але ў той жа час падрывала іх традыцыйныя асновы і абмяжоўвала суверэнітэт.

У пачатку ХХ ст. тэрытарыяльны падзел свету завяршыўся. Большасць краін Азіі і Афрыкі, у тым ліку такіх буйных, як Індыя і Інданезія, сталі калоніямі. Кітай, Іран, Асманская імперыя захавалі палітычную самастойнасць, але ў фінансавых і эканамічных адносінах знаходзіліся ў залежнасці з-за навязаных ім нераўнапраўных дагавораў. Адной Японіі ў канцы XIX ст. удалося не толькі захаваць незалежнасць, але і стаць на шлях капіталістычнага развіцця, ажыццявіўшы шэраг радыкальных рэформ.

1. Асноўныя рысы ўсходніх грамадстваў у пачатку ХIХ ст.

На працягу доўгіх гістарычных эпох жыццё ўсходніх традыцыйных грамадстваў адрознівалася характэрнымі прыкметамі і асаблівасцямі. Можна вылучыць тры найбольш важныя і ўстойлівыя рысы, якія захоўвалі сваё значэнне і ў XIX ст.

Па-першае, у краінах Азіі і Афрыкі асноўным уласнікам зямлі звычайна была дзяржава. Але па меры развіцця грамадства адбывалася фарміраванне і прыватнай уласнасці. Уласнікі, з аднаго боку, мелі патрэбу ў яе ахове дзяржавай, з іншага — выступалі супраць бязмежнага дэспатызму і самавольства чыноўнікаў. У выніку амаль ва ўсіх краінах Усходу існавала супярэчнасць паміж імкненнем дзяржавы ўмацаваць сваю вярхоўную ўладу і інтарэсамі зямельных уласнікаў.

Па-другое, паўсюдна існавала строгая дзяржаўная і рэлігійная рэгламентацыя жыцця людзей. Дзяржава кантралявала ўсё і ўсіх, рэлігіі ж прапаведавалі духоўнае самаўдасканаленне.

Па-трэцяе, як і раней, захоўвалася абшчынная гаспадарка. Пасады і абавязкі ў абшчыне перадаваліся з пакалення ў пакаленне ў спадчыну. На Усходзе, у адрозненне ад Еўропы, захоўваўся кантроль феадала над горадам. Земляробства тут было больш прадукцыйным, чым у Еўропе, што з’яўлялася дадатковай крыніцай улады і магутнасці феадалаў.

Існаваў таксама падзел людзей на касты альбо саслоўі. Асабліва жорсткая сістэма расслаення грамадства, яго рэлігійная, сацыяльная і прафесійная ўпарадкаванасць былі характэрныя для Індыі і Японіі. Саслоўная прыналежнасць усё больш не адпавядалала маёмаснаму становішчу людзей.