§ 28-1. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫ СТАН НАВАКОЛЬНАГА АСЯРОДДЗЯ

icon
Успамінаем. Што такое якасць навакольнага асяроддзя? Як чалавек і яго гаспадарчая дзейнасць змяняюць прыроду Зямлі? Якія прыродныя працэсы вызначаюць стан навакольнага асяроддзя?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Для чаго патрэбна аб’ектыўная ацэнка стану навакольнага асяроддзя? Навошта патрэбныя сцэнарныя прагнозы будучага стану навакольнага асяроддзя? Якое значэнне для развіцця чалавецтва мае мадэляванне яго развіцця?

Крытэрыі, паказчыкі і параметры геаэкалагічнага стану навакольнага асяроддзя. Абвастрэнне геаэкалагічных праблем, пагаршэнне ўмоў жыццядзейнасці і здароўя людзей у шэрагу рэгіёнаў Зямлі абумовілі неабходнасць аб’ектыўнай ацэнкі стану навакольнага асяроддзя. Якасць навакольнага асяроддзя на пэўнай тэрыторыі можна ацэньваць па змене ўзроўню геаэкалагічнага стану ў выніку прыродна-антрапагенных парушэнняў. Па марфалагічных фактарах, якія маюць рэальнае фізічнае выяўленне, вылучаюцца тэрыторыі геаэкалагічнай нормы, рызыкі, крызісу і бедства.

iconПаразважаем. Чаму глыбокія незваротныя змены навакольнага асяроддзя неабходна разглядаць за адносна кароткі гістарычны тэрмін?

Для ацэнкі стану навакольнага асяроддзя выкарыстоўваюць крытэрыі, якія характарызуюць забруджванне паветра, вады, глеб, вычарпанне прыродных рэсурсаў і дэградацыю зямель.

Пад крытэрыем маюць на ўвазе сукупнасць паказчыкаў, якія дазваляюць ахарактарызаваць пагаршэнне стану здароўя насельніцтва і навакольнага асяроддзя. Вылучаюць тры класы крытэрыяў: тэматычныя, прасторавыя, дынамічныя (мал. 201-1) — і два тыпы ацэначных паказчыкаў: прамыя і індыкацыйныя.

img
Мал. 201-1. Класы крытэрыяў геаэкалагічнага стану навакольнага асяроддзя

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як змяненні навакольнага асяроддзя ўплываюць на раслінныя арганізмы?

Галоўная задача ацэнкі геаэкалагічнага стану навакольнага асяроддзя — вызначыць ступень дэградацыі ПТК. Гэта дазваляе распрацаваць спецыяльныя праграмы мерапрыемстваў для зніжэння антрапагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і паляпшэння яго якасці ў неспрыяльных у геаэкалагічным дачыненні рэгіёнах.