§ 26. ПРАБЛЕМА ЗАХАВАННЯ МІРУ

icon
Успамінаем. Якія могуць быць наступствы выкарыстання ядзернай зброі для ўсяго жывога на планеце? Якія японскія гарады пацярпелі ад атамнай бамбардзіроўкі ў 1945 г.? Чаму неабходна скарачаць ваенныя выдаткі і ўзбраенне ў свеце?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Якія прычыны ўзнікнення войнаў? Якія віды зброі, на ваш погляд, найбольш небяспечныя для чалавецтва? Чаму ў выніку ваенных дзеянняў пакутуюць мірныя людзі?

Забарона хімічнай зброі. Хімічная зброя адносіцца да разраду зброі масавага паражэння. Яе дзеянне асноўваецца на таксічных уласцівасцях атрутных рэчываў. Гэта могуць быць ракеты, артылерыйскія снарады, бомбы і г. д. Вылучаюць чатыры асноўныя віды смяротных атрутных рэчываў, якія адносяцца да хімічнай зброі: нервова-паралітычнага дзеяння, скурна-нарыўныя, удушлівыя і агульнаядавітыя.

Найбольш масава хімічная зброя выкарыстоўвалася ў гады Першай сусветнай вайны. Усяго да канца вайны было выпушчана каля 180 тыс. т разнастайных атрутных рэчываў. Агульная колькасць пацярпелых ад выкарыстання хімічнай зброі бакамі канфлікту ацэньваецца ў 1,3 млн чал., з іх каля 100 тыс. чал. загінулі.

icon Клуб знаўцаў-географаў. Навукоўцамі выказана меркаванне, што першымі хімічную зброю супраць сваіх ворагаў прымянілі старажытныя персы. С. Джэймс, брытанскі археолаг, выявіў, што персідскія войскі выкарыстоўвалі атрутныя газы ў час аблогі горада Дура на ўсходзе Сірыі яшчэ ў III ст. да нашай эры. У той момант, калі рымскія салдаты заходзілі ў тунэль, персы падпальвалі бітум і крышталі серы, што прыводзіла да ўтварэння густога атрутнага дыму.

img
Мал. 196. Хімічная атака на Алепа (Сірыя), 2018 г.

У нашы дні палітычны канфлікт у Сірыі таксама характарызуецца выкарыстаннем хімічнай зброі (мал. 196).

З мэтай забароны хімічнай зброі на канферэнцыі па раззбраенні ў Жэневе ў 1984 г. была падпісана Канвенцыя аб забароне распрацоўкі, вытворчасці, назапашвання і прымянення хімічнай зброі і аб яе знішчэнні. Яна ўступіла ў дзеянне ў 1993 г.

Для рэалізацыі мэт Канвенцыі ў 1997 г. была створана арганізацыя па забароне хімічнай зброі (АЗХЗ) са штаб-кватэрай у Гаазе (Каралеўства Нідэрланды). Бакамі Канвенцыі з’яўляюцца 190 дзяржаў. Ізраіль і М’янма падпісалі Канвенцыю, але не ратыфікавалі. Ангола, Егіпет, КНДР, Сірыя, Самалі і Паўднёвы Судан не падпісалі Канвенцыю і не далучыліся да яе.

Удзельнікі Канвенцыі абавязваюцца не распрацоўваць, не вырабляць, не набываць іншым чынам, не назапашваць, не перадаваць, не прымяняць хімічную зброю і не праводзіць ваенных падрыхтовак да яе прымянення; не выкарыстоўваць хімічныя сродкі барацьбы з беспарадкамі ў якасці сродкаў вядзення вайны.

У адпаведнасці з палажэннямі Канвенцыі ўсе запасы хімзброі ў свеце павінны былі быць знішчаныя праз 10 гадоў пасля яе ўступлення ў сілу — да 2007 г. Па рашэнні дзяржаўудзельніц гэты тэрмін мог быць працягнуты да 15 гадоў — да 2012 г. Шэраг краін ужо завяршылі свае праграмы хімічнага раззбраення: Албанія — у 2007 г., Рэспубліка Карэя — у 2008 г., Індыя — у 2009 г., Лівія і Сірыя — у 2014 г.

На сёння АЗХЗ пацвердзіла знішчэнне больш за 96 % ад агульнага задэклараванага аб’ёму хімічнай зброі ў свеце. Разам з тым шэраг краін па-ранейшаму заяўляюць аб наяўнасці ў сябе заводаў па яе вытворчасці. Гэта Кітай, Францыя, ЗША, Індыя, Іран, Ірак, Японія, Казахстан, Расія, Сербія, Вялікабрытанія, Боснія і Герцагавіна.

Рэспубліка Беларусь у ліку першых дзяржаў свету падпісала (14 студзеня 1993 г.) і ратыфікавала (11 чэрвеня 1996 г.) Канвенцыю аб забароне хімічнай зброі.