§ 25. ПРАБЛЕМА МІЖНАРОДНАГА ТЭРАРЫЗМУ

icon
Успамінаем. Што такое тэрарызм? Калі ўзнікла праблема міжнароднага тэрарызму? Якія міжнародныя тэрарыстычныя арганізацыі з’яўляюцца найбольш небяспечнымі для сучаснага чалавецтва?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму тэрарызм лічаць галоўнай пагрозай ХХІ ст.? Чаму тэрарызм праяўляецца ў розных формах? Як сусветнай супольнасці супрацьстаяць тэрарызму?

Асноўныя меры пераадолення праблемы міжнароднага тэрарызму. Паколькі тэрарызм выклікаецца многімі сацыяльнымі, палітычнымі, эканамічнымі, гістарычнымі і іншымі прычынамі, то і барацьба з тэрарызмам уяўляе сабой выключна складаную задачу.

Міжнароднай супольнасцю ствараюцца арганізацыі, накіраваныя на барацьбу з тэрарызмам. У першую чаргу гэтая місія ўскладзена на ААН. Пад яе эгідай распрацоўваюцца важныя дакументы па супрацьдзеянні тэрарызму, ствараюцца антытэрарыстычныя цэнтры.

Асноўнымі дакументамі, накіраванымі на барацьбу з міжнародным тэрарызмам, сёння з’яўляюцца:

  • • Канвенцыя аб прадухіленні і пакаранні злачынстваў супраць асоб, якія карыстаюцца міжнароднай абаронай, у тым ліку дыпламатычных агентаў;
  • • Міжнародная канвенцыя аб барацьбе з захопам заложнікаў;
  • • Міжнародная канвенцыя аб барацьбе з вярбоўкай, выкарыстаннем, фінансаваннем і навучаннем наёмнікаў;
  • • Міжнародная канвенцыя аб барацьбе з бомбавым тэрарызмам.

У мэтах умацавання і ўзмацнення антытэрарыстычнай дзейнасці дзяржавы — члены ААН у 2006 г. пачалі новы этап барацьбы з тэрарызмам, прыняўшы Глабальную контртэрарыстычную стратэгію.

Стратэгія складае аснову канкрэтнага плана дзеянняў і змяшчае 4 раздзелы (мал. 189). Яна заснавана на беспрэцэдэнтнай згодзе адносна асуджэння тэрарызму ва ўсіх яго формах і праявах.

img
Мал. 189. Асноўныя раздзелы Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН