§ 22-1. ЭНЕРГЕТЫЧНЫЯ КРЫЗІСЫ Ў СУСВЕТНАЙ ГАСПАДАРЦЫ І ІХ УПЛЫЎ НА ЗМЯНЕННЕ ГЕАГРАФІІ ГАЛІНЫ

icon
Успамінаем. Якія рэсурсы свету адносяцца да вычарпальных? Якія дзяржавы валодаюць найбольшымі запасамі нафты? Чаму энергетычныя рэсурсы з’яўляюцца прычынай палітычных канфліктаў?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму ўзнікаюць энергетычныя крызісы? Якія наступствы энергетычных крызісаў бываюць? У чым небяспека крызісу энергетычнай бяспекі?

Крызіс глабальнай энергетычнай бяспекі. Пасля 2010 г. у сусветнай гаспадарцы ў выніку шматлікіх палітычных канфліктаў, у тым ліку ў нафтаздабываючых краінах, пачалі назірацца ўсе прыметы крызіснай энергетычнай сітуацыі.

iconПаразважаем. Паміж якімі дзяржавамі ў апошнія дзесяцігоддзі ўзніклі ўзброеныя канфлікты? Назавіце прычыны гэтых канфліктаў. Які іх вынік?

З’яву, якую мы назіраем зараз у сусветнай гаспадарцы, можна назваць не столькі энергетычным крызісам, колькі крызісам глабальнай энергетычнай бяспекі, пад якой разумеюць тры «Д»: дастатковасць, даступнасць і дапушчальнасць.

Рэсурсная дастатковасць вызначае фізічныя магчымасці забеспячэння энергарэсурсамі эканомікі краіны. Эканамічная даступнасць — гэта рэнтабельнасць забеспячэння пры сучасных цэнах. Экалагічная і тэхналагічная дапушчальнасць — гэта магчымасць здабычы, вытворчасці і спажывання энергарэсурсаў у межах існуючых тэхналогій і экалагічных абмежаванняў.

У такіх умовах праблема бяспекі транзіту энергетычных рэсурсаў становіцца ключавой. Пагрозы з боку піратаў, ваенна-палітычнае напружанне ў раёнах праліваў, абмежаваная прапускная здольнасць шэрагу важных марскіх праліваў патрабуюць міжнародных рашэнняў. Так, праз Армузскі праліў перавозіцца да 15 млн барэлей нафты ў суткі (амаль 20 % сусветнага спажывання), праз Малакскі праліў — да 11 млн барэлей, праз Басфор і Дарданелы — да 3 млн барэлей, праз Суэцкі канал — да 1,3 млн барэлей. Спыненне або абмежаванне транзіту нафты ў гэтых раёнах прывядзе да катастрафічных наступстваў не только для сусветнай энергетыкі, але і для эканомікі ў цэлым.