§ 21. ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ПРАБЛЕМЫ ВЫЧАРПАННЯ МІНЕРАЛЬНА-СЫРАВІННЫХ РЭСУРСАЎ

icon
Успамінаем. Якія віды мінеральных рэсурсаў вычарпальныя і неаднаўляльныя? Што такое альтэрнатыўныя крыніцы энергіі? Як за апошнія паўстагоддзя змяніліся аб’ёмы здабычы мінеральных рэсурсаў?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Ці будзе ў бліжэйшы час істотна павялічаны аб’ём здабычы асноўных карысных выкапняў? Якім чынам можна паменшыць аб’ём спажывання мінеральных рэсурсаў у межах адной краіны? Чаму ўсім краінам свету неабходна вырашаць праблему вычарпання мінеральна-сыравінных рэсурсаў разам?
img
Мал. 157. Лагатып Мэты ў галіне ўстойлівага развіцця 12

Адказнае спажыванне і вытворчасць. Адна з Мэт ААН у галіне ўстойлівага развіцця звязана з вырашэннем праблемы вычарпання мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Гэта Мэта 12 — «Забеспячэнне пераходу да рацыянальных мадэлей спажывання і вытворчасці» (мал. 157).

Павышаны ўзровень П1

Устойлівае спажыванне і вытворчасць прадугледжваюць стымуляванне эфектыўнага выкарыстання рэсурсаў і энергіі. Яны накіраваны на тое, каб «рабіць больш і лепш меншымі сродкамі» — за кошт скарачэння аб’ёму выкарыстання рэсурсаў пры адначасовым павышэнні якасці жыцця. Рэалізацыя гэтай мэты дапамагае паменшыць будучыя эканамічныя і экалагічныя выдаткі і павысіць эканамічную канкурэнтаздольнасць.

Для дасягнення гэтай мэты неабходна рашыць галоўныя задачы:

  • • рэалізаваць стратэгію дзеянняў па пераходзе да выкарыстання рацыянальных мадэлей спажывання і вытворчасці з удзелам усіх краін, прычым першымі да яе павінны прыступіць развітыя краіны, і з улікам развіцця і патэнцыялу краін, якія развіваюцца;
  • • дабіцца да 2030 г. рацыянальнага асваення і эфектыўнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.