§ 21. ШЛЯХІ ВЫРАШЭННЯ ПРАБЛЕМЫ ВЫЧАРПАННЯ МІНЕРАЛЬНА-СЫРАВІННЫХ РЭСУРСАЎ

icon
Успамінаем. Якія віды мінеральных рэсурсаў вычарпальныя і неаднаўляльныя? Што такое альтэрнатыўныя крыніцы энергіі? Як за апошнія паўстагоддзя змяніліся аб’ёмы здабычы мінеральных рэсурсаў?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Ці будзе ў бліжэйшы час істотна павялічаны аб’ём здабычы асноўных карысных выкапняў? Якім чынам можна паменшыць аб’ём спажывання мінеральных рэсурсаў у межах адной краіны? Чаму ўсім краінам свету неабходна вырашаць праблему вычарпання мінеральна-сыравінных рэсурсаў разам?

Шляхі вырашэння праблемы вычарпанне мінеральна-сыравінных рэсурсаў. Дэфіцыт мінеральных рэсурсаў прымушае чалавецтва рацыянальна іх выкарыстоўваць. Вялікае значэнне маюць рэсурсазберагальныя тэхналогіі, якія ўкараняюцца ў вытворчасць і дазваляюць павялічваць тэмпы росту апрацоўчай прамысловасці без нарошчвання аб’ёмаў здабычы карысных выкапняў.

Значныя перспектывы ў сусветным рэсурсазабеспячэнні звязаны з пераходам да шырокага выкарыстання другаснай сыравіны, якая павінна стаць «новай сыравіннай базай» сусветнай гаспадаркі.

Экстэнсіўны шлях вырашэння праблемы звязаны з распрацоўкай новых радовішчаў карысных выкапняў з больш складанымі геалагічнымі ўмовамі залягання (мал. 156).

img
Мал. 156. Асваенне новых кар’ераў жалезных руд у Кітаі

Адным са шляхоў вырашэння праблемы вычарпання мінеральных рэсурсаў свету з’яўляецца іх рацыянальнае выкарыстанне. Пад ім разумеецца сістэма прыродакарыстання, пры якой дастаткова поўна прымяняюцца здабытыя мінеральныя рэсурсы, забяспечваецца аднаўленне рэсурсаў, цалкам і мнагакратна прымяняюцца адходы вытворчасці (гэта значыць арганізавана малаадходная або безадходная вытворчасць). Разам гэта дазваляе значна паменшыць забруджванне навакольнага асяроддзя.

Рацыянальнае прыродакарыстанне прадугледжвае забеспячэнне эканомнай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў і ўмоў з улікам інтарэсаў будучых пакаленняў людзей. Яно характэрна для інтэнсіўнай гаспадаркі, якая развіваецца на аснове НТП і высокай прадукцыйнасці працы. Прыкладам рацыянальнага прыродакарыстання можа быць таксама і безадходная вытворчасць, у якой адходы поўнасцю перапрацоўваюцца. У выніку гэтага зніжаецца расход сыравіны і зводзіцца да мінімуму забруджванне навакольнага асяроддзя.