§ 20-2. ГЕАГРАФІЯ МІНЕРАЛЬНЫХ РЭСУРСАЎ СУСВЕТНАГА АКІЯНА

icon
Успамінаем. Якія асноўныя морфаметрычныя характарыстыкі Сусветнага акіяна? Якія асноўныя гідралагічныя характарыстыкі Сусветнага акіяна? Якімі прыроднымі рэсурсамі валодае Сусветны акіян?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Якое значэнне мінеральных рэсурсаў Сусветнага акіяна для чалавецтва? Якія катэгорыі мінеральных рэсурсаў Сусветнага акіяна вылучаюць? Якія акіяны валодаюць найбольшымі запасамі мінеральных рэсурсаў?

Геаграфія запасаў мінеральных рэсурсаў Сусветнага акіяна.

Вуглевадароды. Актыўнае асваенне, якое ўносіць значны ўклад у сусветны баланс здабычы вуглевадародаў, пачалося з другой паловы XX ст. Да канца XX ст. у Сусветным акіяне было разведана 330 асадкавых басейнаў, перспектыўных у плане здабычы нафты і газу. Па некаторых ацэнках, агульная плошча такіх басейнаў у межах Сусветнага акіяна дасягае 60–80 млн км(табл. 14*, мал. 150-2).

img
Мал. 150-2. Геаграфія запасаў нафты і газу ў Сусветным акіяне

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце асноўныя нафтагазаносныя раёны ў Сусветным акіяне.

Табліца 14*. Асноўныя нафтагазаносныя раёны Сусветнага акіяна Атлантычны акіян

Атлантычны акіян Самыя буйныя — на шэльфе каля берагоў Еўропы (Паўночнаморскі), Афрыкі (Гвінейскі), Цэнтральнай Амерыкі (Карыбскі);
менш буйныя — ля берагоў Канады і ЗША, Бразіліі, у Міжземным і некаторых іншых морах
Ціхі акіян Каля берагоў Азіі, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі і Аўстраліі
Індыйскі акіян Персідскі заліў (вядучае месца па запасах), шэльф Індыі, Інданезіі, Аўстраліі
Паўночны Ледавіты акіян Каля берагоў Аляскі і Канады (мора Бафорта), каля берагоў Расіі (Баранцава і Карскае моры)
Каспійскае мора Запасы нафты і газу размешчаны ў акваторыях усіх прыкаспійскіх краін: Азербайджана, Ірана, Казахстана, Расіі, Туркменістана

iconКлуб знаўцаў-географаў. Бурэнне першай свідравіны на беразе Каспійскага мора адносіцца да 1871 г., але здабычу нафты тут вялі задоўга да гэтага з дапамогай шурфаў, выкапаных рукамі чалавека. Прыкметы нафтаноснасці ў раёне Баку вядомыя з VI ст. да н. э. Факелы газу і нафты, якія тут вечна гараць, стварылі аснову культу вогнепаклоннікаў Заратустры. Яны прыцягвалі мноства паломнікаў, прычым многія прыходзілі з аддаленых куткоў Зямлі. Марка Пола, які вандраваў па гэтым рэгіёне ў канцы XIII ст., апісаў убачаны ім фантан, з якога біў моцны струмень нафты.

Сёння доля вуглевадародаў шэльфавых і глыбакаводных радовішч у сусветным аб’ёме здабычы складае, па розных ацэнках, 30–35 % (мал. 150-3).

img
Мал. 150-3. Дынаміка сусветнай здабычы вуглевадародаў, %

Да 2050 г. гэты паказчык можа павялічыцца да 40–45 %, у тым ліку за кошт асваення патэнцыялу Арктычнага шэльфа і глыбакаводных радовішч (звыш 1500 м). Найбольш актыўна марскія нафтагазавыя праекты рэалізуюцца ў Паўночным моры і Мексіканскім заліве.

Развіццё тэхналогій дазваляе асвойваць новыя глыбіні. Дзеючы сусветны рэкорд па глыбіні вады належыць ТНК Total і складае 3400 м.