§ 20-2. ГЕАГРАФІЯ МІНЕРАЛЬНЫХ РЭСУРСАЎ СУСВЕТНАГА АКІЯНА

icon
Успамінаем. Якія асноўныя морфаметрычныя характарыстыкі Сусветнага акіяна? Якія асноўныя гідралагічныя характарыстыкі Сусветнага акіяна? Якімі прыроднымі рэсурсамі валодае Сусветны акіян?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Якое значэнне мінеральных рэсурсаў Сусветнага акіяна для чалавецтва? Якія катэгорыі мінеральных рэсурсаў Сусветнага акіяна вылучаюць? Якія акіяны валодаюць найбольшымі запасамі мінеральных рэсурсаў?

Структура мінеральных рэсурсаў Сусветнага акіяна. Мінеральныя рэсурсы Сусветнага акіяна ўключаюць пяць катэгорый: 1) вуглевадароды (нафта і газ); 2) газавыя гідраты (злучэнні газу з вадой, якія з’яўляюцца альтэрнатыўнымі крыніцамі прыроднага газу); 3) традыцыйныя цвёрдыя карысныя выкапні, якія сустракаюцца на сушы, — карэнныя залежы і россыпы; 4) спецыфічныя глыбакаводныя цвёрдыя карысныя выкапні; 5) марская вада, якая змяшчае больш за 70 хімічных элементаў. 

Па агрэгатным стане і ўмовах эксплуатацыі іх падрадзяляюць на наступныя: 1) вадкія, газападобныя і раствораныя, разведка і здабыча якіх магчымыя пры дапамозе буравых свідравін (нафта, прыродны газ, соль, сера і інш.); 2) цвёрдыя паверхневыя, эксплуатацыя якіх магчыма пры дапамозе драг, гідраўлічных і іншых падобных спосабаў (металаносныя россыпы і ілы, канкрэцыі і інш.); 3) цвёрдыя пахаваныя, эксплуатацыя якіх магчыма шахтава-рудніковымі спосабамі (вугаль, жалезная і некаторыя іншыя руды) (мал. 150-1).

img
Мал. 150-1. Мінеральныя рэсурсы дна Сусветнага акіяна (па В. Д. і М. У. Вайлошнікавым)