§ 17-5. ГАРАДЫ І ПРЫРОДНЫЯ РЫЗЫКІ
Занальная структура гарадоў свету з прыроднымі рызыкамі. Вылучаюць чатыры мультызоны гарадоў, якія характарызуюцца праяўленнем трох і больш прыродных рызык высокай ступені: 1) Усходне-Азіяцкая, 2) Паўднёва-Азіяцкая, 3) Панамерыканская Ціхаакіянская, 4) Паўночна-Амерыканская Атлантычная (мал. 116-41).
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце мультызоны гарадоў, для якіх характэрны праяўленні трох і больш прыродных рызык. Знайдзіце на карце субзоны гарадоў, для якіх характэрны рызыкі паводак, засух, цыклонаў і землетрасенняў.
У структуры найбуйнейшых агламерацый свету з колькасцю звыш 10 млн чал. вылучаюцца тры тыпы гарадоў у залежнасці ад колькасці прыродных рызык і іх ступені: 1-ы тып — з трыма прыроднымі рызыкамі высокай ступені; 2-ы тып — з трыма і менш прыроднымі рызыкамі высокай і сярэдняй ступені; 3-і тып — з адной прыроднай рызыкай высокай ступені (табл. 11*).
Табліца 11*. Тыпалогія найбуйнейшых агламерацый свету па прыродных рызыках
| Тып агламерацыі па прыродных рызыках | Агламерацыя | Прыродныя рызыкі |
| 1-ы тып. Агламерацыі з трыма прыроднымі рызыкамі высокай ступені | Токіа | Ц, ЗТ, П |
| Мехіка-Сіці | З, П, А | |
| Калката | Ц, З, П, А | |
| Лос-Анджэлес | З, ЗТ, П, А | |
| Маніла | Ц, З, ЗТ, П | |
| Осака—Кобэ | Ц, ЗТ, П | |
| 2-і тып. Агламерацыі з трыма і менш прыроднымі рызыкамі высокай і сярэдняй ступені | Дэлі | З, П |
| Нью-Ёрк | Ц, П | |
| Шанхай | Ц, П | |
| Дака | Ц, З, П | |
| Карачы | Ц, З, П | |
| Буэнас-Айрэс | З, П | |
| Стамбул | З, ЗТ, П | |
| Гуанчжоу | Ц, П | |
| Шэньчжэнь | Ц, З, П | |
| 3-і тып. Агламерацыі з адной прыроднай рызыкай высокай ступені | Сан-Паўлу | П |
| Рыа-дэ-Жанейра | П | |
| З — засухі, П — паводкі, ЗТ — землетрасенні, Ц — цыклоны, А — апоўзні | ||
Да першага тыпу аднесены шэсць агламерацый: 1) Токіа, 2) Мехіка, 3) Калката, 4) Лос-Анджэлес — Лонг-Біч — Санта-Ана, 5) Маніла, 6) Осака — Кобэ. Яны размешчаны ў асноўных мультызонах прыродных рызык свету. У цэлым у свеце налічваецца 10 гарадоў максімальнай ступені прыродных рызык.
У другі тып увайшлі дзевяць гарадоў, за выключэннем Стамбула, які дадаткова падвержаны рызыцы землетрасенняў. Да трэцяга тыпу аднесены Сан-Паўлу і Буэнас-Айрэс, якія знаходзяцца ў зоне рызыкі паводак.
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце агламерацыі першага, другога і трэцяга тыпаў па прыродных рызыках.
На сучаснай карце прыродных рызык вылучаюцца гарады надзвычай высокай падвержанасці прыродным рызыкам. Яны характарызуюцца праяўленнем больш чым трох рызык высокай ступені (табл. 12*).
Табліца 12*. Гарады свету з максімальнай і мінімальнай ступенню прыродных рызык
| Гарады | Тыпы прыродных рызык, ступень | ||||
| Цыклоны | Засухі | Землетрасенні | Паводкі | Апоўзні | |
| А. Больш за тры рызыкі высокай ступені | |||||
| Маніла | В | Н | В | В | няма |
| Санцьяга | няма | В | В | В | няма |
| Тайбэй | В | няма | В | В | В |
| Кіта | няма | В | В | В | В |
| Даваа | В | Н | В | В | няма |
| В. Няма рызык або рызыка нізкай ступені | |||||
| Масква | няма | няма | няма | няма | няма |
| Каір | няма | няма | няма | Н | няма |
| Кіншаса | няма | Н | няма | Н | няма |
| Мадрыд | няма | Н | няма | няма | няма |
| Таронта | Н | няма | няма | Н | няма |
| В — высокая ступень, Н — нізкая ступень | |||||
Папрацуем з атласам. Знайдзіце на карце свету гарады з максімальнай і мінімальнай ступенню прыродных рызык.
Не падвержаны прыродным рызыкам або характарызуюцца іх нізкай ступенню 183 гарады ў свеце з колькасцю больш за 1 млн чал., што складае 40 % у структуры гарадскога рассялення. Адной прыроднай рызыцы падвержаны 45 % гарадоў, двум — 13 % гарадоў свету.
Такім чынам, у сучасным свеце сфарміравалася кліматычна абумоўленая занальная структура гарадоў па тыпах прыродных рызык з вылучэннем чатырох мультызон. Геаграфічна яны размешчаны пераважна ў Азіі і Амерыцы і характарызуюцца канцэнтрацыяй абсалютнай большасці найбуйнейшых агламерацый свету з прыроднымі рызыкамі ва Усходняй і Паўднёва-Усходняй Азіі.
У глабальнай структуры да прыродных рызык, якія наносяць найбольшую шкоду гарадам свету ў ХХІ ст., адносяцца паводкі і засухі, ахвярамі якіх становіцца больш чым кожны трэці жыхар планеты. У сувязі з гэтым распрацоўка міжнароднай стратэгіі па пераадоленні прыродных рызык у гарадах з’яўляецца адной з прыярытэтных задач сусветнай супольнасці.