§ 16. ПРАБЛЕМА СТАРЭННЯ НАСЕЛЬНІЦТВА

icon
Успамінаем. Якія існуюць тыпы ўзроставай структуры насельніцтва? У якіх краінах доля маладых узростаў найбольшая? Што такое дэмаграфічнае старэнне насельніцтва?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму штогод павялічваецца колькасць насельніцтва пажылога ўзросту? Да якіх эканамічных наступстваў прыводзіць павелічэнне колькасці пажылога насельніцтва? Чаму эканамістам і дэмографам неабходна працаваць разам над вырашэннем праблемы старэння насельніцтва?

Наступствы дэмаграфічнага старэння. Праблема старэння насельніцтва выклікае шэраг наступстваў дэмаграфічнага і сацыяльна-эканамічнага характару. Напрыклад, яна прыводзіць да змяненняў структуры спажывання старэючага грамадства, а значыць, да змяненняў структуры вытворчасці. У старэючым грамадстве адбываюцца змяненні ў структуры аховы здароўя ў бок развіцця герыятрыі — падрыхтоўкі ўрачоў, што лечаць хваробы пажылых людзей.

Адным з наступстваў старэння з’яўляюцца таксама змяненні ў структуры занятасці насельніцтва, якія без замяшчальнай міграцыі могуць выклікаць дэфіцыт асобных спецыялістаў эканамічнай галіны. У цэлым пад уплывам старэння трансфармуецца грамадства, што непазбежна адбіваецца на ўсіх баках яго жыцця і на эканамічным развіцці.

icon Свет і Беларусь. Якія наступствы дэмаграфічнага старэння могуць быць адчувальныя ў нашай краіне праз 20 гадоў?