§ 14. РОЛЯ БІЁТЫ Ў БІЯСФЕРЫ І ГАСПАДАРЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА

icon
Успамінаем. Што ўяўляе з сябе жывая прырода? Пералічыце прыкметы, характэрныя для жывых арганізмаў. Якія кампаненты ўтвараюць прыродныя комплексы? Для чаго ствараюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму важна ведаць, якія працэсы адбываюцца ў біясферы? Якая роля раслін і жывёл у біясферы? Як захаваць прыродную разнастайнасць Зямлі?

Біялагічная і прыродная разнастайнасць Зямлі і праблема іх захавання. Біялагічная разнастайнасць — сукупнасць усіх форм жывых арганізмаў, якія насяляюць нашу планету. Гэта багацце і разнастайнасць жыцця і яго працэсаў. Яна ўключае разнастайнасць жывых арганізмаў, іх генетычных адрозненняў і месцаў пасялення. Біялагічная разнастайнасць дзеліцца на тры катэгорыі: сярод прадстаўнікоў аднаго віду (генетычная разнастайнасць), паміж рознымі відамі і паміж экасістэмамі.

На ландшафтным узроўні заканамернасці біялагічнай разнастайнасці вызначаюцца занальнымі прыроднымі ўмовамі, мясцовымі асаблівасцямі клімату, рэльефу, глеб, а таксама гісторыяй развіцця тэрыторыі.

Найбольшай відавой разнастайнасцю адрозніваюцца (у парадку змяншэння): вільготныя экватарыяльныя лясы, каралавыя рыфы, сухія трапічныя лясы, вільготныя лясы ўмеранага пояса, акіянічныя астравы, ландшафты міжземнаморскага клімату, бязлесныя (саванныя, стэпавыя) ландшафты.

icon Папрацуем з атласам. Выкарыстоўваючы матэрыял вучэбнага дапаможніка і карты атласа, знайдзіце на карце раёны з ландшафтамі, якія вылучаюцца найбольшай відавой разнастайнасцю.

У сувязі з узмацненнем антрапагеннага змянення біялагічнай разнастайнасці праблема яе захавання набыла глабальны характар.

Згодна з ацэнкай біялагічнай разнастайнасці экспертамі Праграмы ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП), знішчэнне пагражае больш за 30 тыс. відаў жывёл і раслін. За апошнія 400 гадоў зніклі 484 віды жывёл і 654 віды раслін.

icon Клуб географаў-знаўцаў. За апошнія 400 гадоў асноўнымі непасрэднымі прычынамі знікнення відаў жывёл былі: інтрадукцыя новых відаў, якая суправаджалася выцясненнем або знішчэннем мясцовых відаў (39 % усіх страчаных відаў жывёл); разбурэнне ўмоў існавання жывёл, прамое адабранне і дэградацыя заселеных імі тэрыторый (36 %); некантралюемае паляванне (23 %); іншыя прычыны (2 %).

icon Свет і Беларусь. Якія віды раслін і жывёл у Рэспубліцы Беларусь знаходзяцца на мяжы знікнення?

Сучаснае паскарэнне зніжэння біялагічнай разнастайнасці абумоўлена некалькімі галоўнымі прычынамі (мал. 88).

img
Мал. 88. Галоўныя прычыны зніжэння біялагічнай разнастайнасці