§ 14. РОЛЯ БІЁТЫ Ў БІЯСФЕРЫ І ГАСПАДАРЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА

icon
Успамінаем. Што ўяўляе з сябе жывая прырода? Пералічыце прыкметы, характэрныя для жывых арганізмаў. Якія кампаненты ўтвараюць прыродныя комплексы? Для чаго ствараюць асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму важна ведаць, якія працэсы адбываюцца ў біясферы? Якая роля раслін і жывёл у біясферы? Як захаваць прыродную разнастайнасць Зямлі?

Роля раслін і жывёл як элементаў біясферы і іх значэнне для гаспадарчай дзейнасці чалавека. Біёта — аснова функцыянавання біясферы, яе галоўная пераўтваральная сіла. Яна валодае ўнікальнымі ўласцівасцямі (мал. 83).

img
Мал. 83. Асноўныя ўласцівасці біёты

Жывыя арганізмы выконваюць важную ролю ў разбурэнні горных парод і ўтварэнні глеб. Яны ўдзельнічаюць у перамяшчэнні і назапашванні ў вадзе, донных ападках і глебе вугляроду, кіслароду, кальцыю, фосфару, серы, ёду, жалеза, марганцу і шматлікіх іншых хімічных элементаў. На аснове рэшткаў адмерлых арганізмаў утвораны многія мінералы і горныя пароды. Напрыклад, мел, вапняк, торф, каменны вугаль, фосфар, нафта, мармур, даламіт, ракушачнік і інш. У выніку ўзаемадзеяння раслін, жывёл і асяроддзя іх пражывання ўзнікаюць прыродныя комплексы.

icon У свеце ўсё ўзаемазвязана. Як у выніку ўзаемадзеяння раслін, жывёл і асяроддзя іх існавання ўзнікаюць прыродныя комплексы?

Расліннасць выконвае важную ролю ў жыцці людзей. Яна забяспечвае іх харчаваннем, служыць крыніцай валакна, будаўнічага матэрыялу, энергіі, лекаў і г. д. Выконвае лячэбна-аздараўленчыя і эстэтычныя функцыі. Расліннасць выкарыстоўваецца як абарона ад забруджвання навакольнага асяроддзя ў гарадах: зялёныя насаджэнні ўлоўліваюць з паветра радыеактыўныя рэчывы, таксічныя газы, узбагачаюць асяроддзе кіслародам, паглынаюць цяжкія металы з глебы.

Павышаны ўзровень П1

З усіх наяўных на зямным шары тыпаў расліннага покрыва найбольшую значнасць маюць лясы. Яны ўдзельнічаюць у глабальных кругаваротах вады, вугляроду і кіслароду, фарміраванні клімату.

Экватарыяльныя лясы з’яўляюцца важным рэзервуарам біялагічнай разнастайнасці. У гэтых лясах, якія займаюць усяго 6 % плошчы сушы, захоўваецца 50 % відаў жывёл і раслін свету (мал. 84). Уклад лясоў у сусветныя рэсурсы не толькі колькасна значны, але і ўнікальны. Лясы — гэта крыніца драўніны, паперы, лекаў, фарбаў, каўчуку, пладоў і інш. (мал. 85, 86).

img
Мал. 84. Трапічныя лясы ў басейне р. Амазонка
img
Мал. 85. Сасновы лес у Беларусі
img
Мал. 86. Тайга ў Расіі

Жывёлы маюць велізарнае гаспадарчае значэнне. Дзікія жывёлы і прадукты іх жыццядзейнасці выкарыстоўваюцца ў розных галінах эканомікі. Паляванне, марскі промысел і рыбалоўства служаць істотнай крыніцай папаўнення бялковай ежы, забяспечваюць сыравінай футравую, гарбарную, парфумерную і фармакалагічную прамысловасць.

Павышаны ўзровень П2

Многіх звяроў і птушак разводзяць на спецыяльных фермах і ў зверагаспадарках. Кожны від жывёл з’яўляецца незаменным носьбітам генетычнага фонду. Дзікая фаўна выкарыстоўваецца для вывядзення новых і паляпшэння наяўных парод свойскіх жывёл. Вынікі вывучэння жывёл выкарыстоўваюцца для стварэння рознага роду тэхнічных сістэм (мал. 87).

img
Мал. 87. Значэнне жывёльнага свету ў прыродзе і жыцці чалавека

icon Клуб географаў-знаўцаў. Даследаванне будовы скуры дэльфінаў дазволіла інжынерам сканструяваць новую абалонку падводных лодак, якая значна павялiчыла iх хуткасць.

Біясфера — адкрытая сістэма, здольная да самарэгуляцыі і эвалюцыі. Яна вылучаецца вялікай разнастайнасцю і ўстойлівасцю. Але інтэнсіўнасць эвалюцыі біясферы рэзка ўзрасла са з’яўленнем чалавека. Ён стаў галоўнай сілай, што змяняе біясферу. Змяняюцца фізічны і хімічны склад паветра, вады, глеба, верхняя частка зямной кары, рэльеф. Чалавек стварае новыя пароды жывёл і гатункі раслін, канструюе новыя спалучэнні генаў. Куды пойдзе эвалюцыя біясферы — на шкоду або на карысць усяму жывому — залежыць ад памкненняў чалавецтва. Таму сваю дзейнасць чалавецтву неабходна скіраваць на падтрыманне раўнавагі паміж грамадствам, якое развіваецца, і навакольным асяроддзем, захаванне прыроднай разнастайнасці Зямлі.