§ 12-1. ГЛЕБАВАЕ ПОКРЫВА ЗЯМЛІ

icon
Успамінаем. Як утвараецца глеба? Якія фактары вызначаюць склад і будову глеб? Як і чаму змяняюцца глебы ў залежнасці ад геаграфічнай шыраты?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Навошта трэба ведаць асаблівасці працэсаў утварэння глеб? Як глебы ўплываюць на прыродную разнастайнасць Зямлі? Як адбываецца фарміраванне глебавага покрыва Зямлі?

Роля глеб у фарміраванні прыроднай разнастайнасці Зямлі. Глебы выконваюць разнастайныя экалагічныя функцыі. Фізічныя ўласцівасці глеб ствараюць асаблівыя ўмовы для пражывання дробных жывёл, мікраарганізмаў і функцыянавання каранёвай сістэмы раслін. Глебы — звяно ў геалагічным і біялагічным кругавароце рэчываў у наземных біягеацэнозах. Асаблівае значэнне мае біялагічная прадукцыйнасць глеб, названая ў сельскай гаспадарцы ўрадлівасцю. Глеба з’яўляецца ўнікальным асяроддзем пасялення разнастайных відаў і форм жывёл і раслін (мал. 66-1). Без захавання глеб немагчыма захаваць біялагічную разнастайнасць на Зямлі.

img
Мал. 66-1. Жывыя арганізмы, якія жывуць у глебе

iconКлуб географаў-знаўцаў. Колькасць відаў сухапутных жывёл складае 93 % ад агульнай колькасці вядомых відаў жывёл, а раслін — 92 %. Біямаса наземных арганізмаў складае 99,87 % ад сумарнай біямасы планеты. У 1 г урадлівай глебы налічваецца некалькі дзясяткаў мільярдаў клетак мікраарганізмаў.

iconПаразважаем. Чаму кожнаму тыпу глеб уласцівы пэўныя віды і згуртаванні раслін і жывёл?