§ 12-1. ГЛЕБАВАЕ ПОКРЫВА ЗЯМЛІ

icon
Успамінаем. Як утвараецца глеба? Якія фактары вызначаюць склад і будову глеб? Як і чаму змяняюцца глебы ў залежнасці ад геаграфічнай шыраты?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Навошта трэба ведаць асаблівасці працэсаў утварэння глеб? Як глебы ўплываюць на прыродную разнастайнасць Зямлі? Як адбываецца фарміраванне глебавага покрыва Зямлі?

Прасторава-часавыя заканамернасці фарміравання глебавага покрыва. Як і расліннасць, глебавае покрыва адлюстроўвае ў сваім размеркаванні кліматычную занальнасць, але не паўтарае яе з абсалютнай дакладнасцю. Гэта абумоўлена тым, што акрамя клімату глебавае покрыва залежыць ад горных парод, біёты, рэльефу і іншых прыродных фактараў. Акрамя таго, глеба змяняецца больш павольна, чым клімат і расліннасць.