§ 9. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ВОДЫ СУШЫ

icon
Успамінаем. Якія прыродныя фактары вызначаюць нераўнамернасць размеркавання рачнога сцёку на Зямлі? Назавіце асноўныя тыпы жыўлення рэк. Як уплываюць паверхневыя і падземныя воды на фарміраванне рэльефу?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Як чалавек уплывае на гідрасферу? Навошта трэба ведаць прасторавае размеркаванне вады на сушы? Як рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы гідрасферы?

Павышаны ўзровень П6

Праблемы кіравання водаспажываннем. Кіраванне воднымі рэсурсамі зручней за ўсё ажыццяўляць для ўсяго басейна ракі, возера або падземных вод. Аднак палітычныя і адміністрацыйныя межы, як правіла, не супадаюць з водападзеламі. На міжнародным узроўні гэта можа прыводзіць да канфліктаў, звязаных з выкарыстаннем водных рэсурсаў. Каля паловы насельніцтва свету жыве ў 220 міжнародных рачных і азёрных басейнах, прычым 25 з іх належаць чатыром і больш краінам.

icon Клуб географаў-знаўцаў. За апошнія 50 гадоў адбылося 507 «водных» канфліктаў, 21 раз справа даходзіла да ваенных дзеянняў. У 1967 г. Ізраіль захапіў Галанскія вышыні, якія належылі Сірыі. Большасць вадацёкаў, якія забяспечваюць Ізраіль прэснай вадой, жывяць раку Іардан і Тыверыядскае возера (Галілейскае мора), бяруць тут пачатак. Насельніцтва Ізраіля не можа абысціся без прэснай вады, якая ўтвараецца на Галанскіх вышынях. Пакуль усе спробы вырашыць праблему падзелу вадацёкаў у гэтым рэгіёне заканчваліся няўдачай. Жорсткая барацьба за прэсную ваду працягваецца ў гэтым рэгіёне шмат сотняў гадоў. Яна адлюстравана нават у шэрагу біблейскіх паданняў.