§ 8-1. ГІДРАСФЕРА

icon
Успамінаем. Адкуль з’явілася вада на Зямлі? З чаго складаецца гідрасфера? Якія водныя аб’екты ўключаюць паверхневыя воды сушы?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Навошта трэба ведаць, як утварылася гідрасфера? Дзе сканцэнтраваны асноўныя запасы прэснай вады на Зямлі? Якое значэнне мае кругаварот вады для клімату і жыцця на Зямлі?

Асноўныя геаграфічныя асаблівасці і заканамернасці функцыянавання гідрасферы. Інтэнсіўнасць вільгацезвароту — гэта адносіны гадавой сумы атмасферных ападкаў, што выпадаюць на паверхню Зямлі, да сярэдняй велічыні ўтрымання вады ў атмасферы. Мінімальныя значэнні інтэнсіўнасці вільгацезвароту характэрныя для трапічнага і субтрапічнага паясоў (у сувязі з памяншэннем гадавой колькасці ападкаў у гэтых шыротах). Максімальныя — для ўмеранага пояса (дзякуючы павелічэнню гадавой колькасці ападкаў і ўплыву заходне-ўсходняга пераносаў паветраных мас) і экватарыяльнага пояса (вялікая колькасць ападкаў пры значным выпарэнні).

Вада валодае высокай растваральнай здольнасцю. Дыстыляванай вады ў прыродзе не існуе. Прыродныя растворы разнастайнага зместу і рознай канцэнтрацыі сустракаюцца ўсюды і адыгрываюць вырашальную ролю ў глабальных геалагічных і біягеахімічных кругаваротах рэчываў.

img
Мал. 38-3. Фізічныя ўласцівасці вады

Фізічныя ўласцівасці вады спецыфічныя (мал. 38-3). Яны аказваюць сур’ёзны ўплыў на многія прыродныя працэсы, у якіх удзельнічае вада.

Асобая роля ў гэтых працэсах адводзіцца скрытай удзельнай цеплыні выпарэння і кандэнсацыі вады. Каля 84 % сонечнай радыяцыі, якая паступае на паверхню Зямлі, выдаткоўваецца на яе выпарэнне. Гэта забяспечвае вільгацеперанос і кругаварот вады.