§ 7. МАГЧЫМЫЯ ПРЫЧЫНЫ І НАСТУПСТВЫ ЗМЯНЕННЯ КЛІМАТУ

Успамінаем. Назавіце асноўныя кліматаўтваральныя працэсы. Якія геаграфічныя фактары ўплываюць на клімат? Якое значэнне Сусветнага акіяна для фарміравання надвор’я і клімату?

Вывучаем, каб ведаць. Чаму праблеме змянення клімату на Зямлі надаецца вялікая ўвага? Як змяняўся клімат на Зямлі да і пасля з’яўлення чалавека? Якія глабальныя і рэгіянальныя змяненні клімату могуць адбыцца ў XXI ст.?
Уплыў антрапагеннага ўздзеяння на змяненне клімату. Асабліва хуткія змяненні клімату адбываюцца з сярэдзіны мінулага стагоддзя. У значнай ступені яны выкліканы гаспадарчай дзейнасцю чалавека. Забруджванне атмасферы ў выніку спальвання выкапнёвага арганічнага паліва, прамысловай і сельскагаспадарчай дзейнасці прыводзяць да ўзмацнення парніковага эфекту. Пераўтварэнне натуральных ландшафтаў, знішчэнне лясоў, узворванне велізарных масіваў выклікаюць змяненне адбівальнай здольнасці Зямлі і газавага складу атмасфернага паветра.
Паразважаем. Як вы лічыце, што аказвае большы ўплыў на змяненне клімату: прыродныя фактары або гаспадарчая дзейнасць чалавека?