§ 4-1. АТМАСФЕРА

icon
Успамінаем. Якая сіла трымае атмасферу Зямлі? Як змяняецца тэмпература паветра ў трапасферы? Якія вятры ўтвараюць агульную цыркуляцыю атмасферы?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Навошта трэба ведаць, як утварылася атмасфера? Як узаемазвязаны кліматычныя працэсы паміж сабой? Як змяняюцца кліматаўтваральныя працэсы ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека?

Атмасфера ўяўляе сабой газавую абалонку Зямлі са змешчанымі ў ёй аэразольнымі часціцамі, якая рухаецца разам з Зямлёй у сусветнай прасторы як адзінае цэлае і адначасова ўдзельнічае ва кручэнні Зямлі. Палова ўсёй масы атмасферы сканцэнтравана ў ніжніх 5 км, тры чвэрці — у ніжніх 10 км, дзевяць дзясятых — у ніжніх 20 км.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Палярныя ззянні ўказваюць на наяўнасць атмасферы на вышынях 1000 км і больш. Палёты спадарожнікаў на вышынях у некалькі тысяч кіламетраў таксама адбываюцца ў атмасферы, хоць і надзвычай разрэджанай. Вынікі назіранняў з дапамогай ракет і касмічных станцый сведчаць, што атмасфера распасціраецца да вышынь больш за 20 тыс км.