§ 3. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ЛІТАСФЕРУ


Уплыў дзейнасці чалавека на літасферу прыводзіць да спусташэння прыродных рэсурсаў, актывізацыі небяспечных геалагічных працэсаў і забруджвання месцаў пражывання біёты. Наступствам такіх парушэнняў з’яўляецца зніжэнне камфортнасці існавання біёты, міграцыя асобных відаў, захворвальнасць і выміранне.
Клуб географаў-знаўцаў. Работы, якія праводзяцца пры асваенні радовішчаў нафты і газу, аказваюць істотны ўплыў на навакольнае прыроднае асяроддзе. Падчас сейсмаразведкі выконваецца некалькі мільёнаў пнеўмавыбухаў. Іх ударныя хвалі выклікаюць гібель малькоў рыб, а дарослыя асобіны атрымліваюць пашкоджанні зроку, слыху, парушаецца іх здольнасць да арыентацыі. Пры бурэнні свідравін утвараюцца свідравы раствор і шлам, якія скідаюць назад у мора. У іх утрымліваюцца цяжкія металы і іншыя таксічныя рэчывы. З-за гэтага пагаршаюцца характарыстыкі вады, гіне фіта- і зоапланктон. Пры аварыях адбываецца разліў нафты, які мае працяглыя адмоўныя наступствы.