§ 3. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ЛІТАСФЕРУ

icon
Успамінаем. Для чаго чалавек выкарыстоўвае прыродныя рэсурсы літасферы? Якія горныя пароды належаць да карысных выкапняў? Што такое мінеральна-сыравінныя рэсурсы?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму неабходна ведаць пра ўплыў чалавека на літасферу? Якія экалагічныя і сацыяльна-эканамічныя наступствы выклікае нерацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў літасферы? Як можна зменшыць негатыўны ўплыў чалавека на літасферу?

Уплыў дзейнасці чалавека на літасферу прыводзіць да спусташэння прыродных рэсурсаў, актывізацыі небяспечных геалагічных працэсаў і забруджвання месцаў пражывання біёты. Наступствам такіх парушэнняў з’яўляецца зніжэнне камфортнасці існавання біёты, міграцыя асобных відаў, захворвальнасць і выміранне.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Работы, якія праводзяцца пры асваенні радовішчаў нафты і газу, аказваюць істотны ўплыў на навакольнае прыроднае асяроддзе. Падчас сейсмаразведкі выконваецца некалькі мільёнаў пнеўмавыбухаў. Іх ударныя хвалі выклікаюць гібель малькоў рыб, а дарослыя асобіны атрымліваюць пашкоджанні зроку, слыху, парушаецца іх здольнасць да арыентацыі. Пры бурэнні свідравін утвараюцца свідравы раствор і шлам, якія скідаюць назад у мора. У іх утрымліваюцца цяжкія металы і іншыя таксічныя рэчывы. З-за гэтага пагаршаюцца характарыстыкі вады, гіне фіта- і зоапланктон. Пры аварыях адбываецца разліў нафты, які мае працяглыя адмоўныя наступствы.