§ 3. УПЛЫЎ ДЗЕЙНАСЦІ ЧАЛАВЕКА НА ЛІТАСФЕРУ

icon
Успамінаем. Для чаго чалавек выкарыстоўвае прыродныя рэсурсы літасферы? Якія горныя пароды належаць да карысных выкапняў? Што такое мінеральна-сыравінныя рэсурсы?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму неабходна ведаць пра ўплыў чалавека на літасферу? Якія экалагічныя і сацыяльна-эканамічныя наступствы выклікае нерацыянальнае выкарыстанне прыродных рэсурсаў літасферы? Як можна зменшыць негатыўны ўплыў чалавека на літасферу?

Уплыў дзейнасці чалавека на літасферу прыводзіць да спусташэння прыродных рэсурсаў, актывізацыі небяспечных геалагічных працэсаў і забруджвання месцаў пражывання біёты. Наступствам такіх парушэнняў з’яўляецца зніжэнне камфортнасці існавання біёты, міграцыя асобных відаў, захворвальнасць і выміранне.

img
Мал. 20. Забруджванне паветра пры здабычы карысных выкапняў

Уплыў горных работ на атмасферу. Падчас працы горных прадпрыемстваў адбываецца забруджванне атмасферы. Яно залежыць ад геалагічных асаблівасцей радовішча карысных выкапняў і спецыфікі вядзення горных работ. Прыродныя фактары ў асноўным прыводзяць да забруджвання газамі, вытворчыя — газамі і цвёрдымі часціцамі.

Асноўныя забруджвальнікі атмасферы газамі — вугальная, нафтавая і газавая галіны прамысловасці. Прадпрыемствы па здабычы і перапрацоўцы нафты і газу забруджваюць паветра вуглевадародамі галоўным чынам у перыяд разведкі радовішчаў. У нафтавай прамысловасці — таксама падчас эксплуатацыі, калі спадарожны газ спальваецца ў факелах. Прадпрыемствы па здабычы і перапрацоўцы вугалю забруджваюць атмасферу ў першую чаргу метанам, у значна меншай ступені — вуглякіслым газам.

Вялікая колькасць пылу трапляе ў атмасферу ў выніку працы абагачальных фабрык. Значнымі яе крыніцамі з’яўляюцца бураўзрыўныя работы ў кар’ерах (мал. 20), пагрузачна-разгрузачныя работы і рух цяжкіх аўтамашын па грунтавых дарогах. Насычэнне паветра пылам адбываецца за кошт развейвання адкрытых адвалаў і іншых аголеных месцаў.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Адзін 27-тонны аўтасамазвал падчас працы ў кар’еры забруджвае за змену да гранічна дапушчальнага ўзроўню 3,7 млн м3 паветра. Пры магутных узрывах (да 500–700 т выбуховых рэчываў) маса падарваных парод звычайна складае 2 млн т, а аб’ём пылагазавага воблака — 15–20 млн м3. У свеце штогод узрываецца каля 10 млрд м3 горнай масы. Пры гэтым колькасць пылу ацэньваецца ў 1,0–2,5 млн т.