§ 1. ГЕАЭКАЛАГІЧНЫЯ ФУНКЦЫІ ЛІТАСФЕРЫ

Павышаны ўзровень §1-1 Павышаны ўзровень §1-2

icon
Успамінаем. Якімі асноўнымі ўласцівасцямі валодае геаграфічная абалонка? Што ўяўляе з сябе літасфера? Якую будову мае зямная кара?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму важна ведаць, якія працэсы адбываюцца ў літасферы? Як літасфера ўплывае на іншыя геасферы? Якое значэнне літасферы ў жыцці чалавека?

Роля біёты, чалавека і яго гаспадарчай дзейнасці ў вялікім (геалагічным) кругавароце рэчываў. Са з’яўленнем біясферы геалагічны кругаварот набыў цалкам новыя рысы, бо ў вялікі кругаварот рэчываў уключыліся прадукты жыццядзейнасці арганізмаў. Ён стаў пастаўшчыком пажыўных рэчываў жывым арганізмам, шмат у чым вызначаючы ўмовы іх існавання. У вялікім кругавароце рэчываў удзельнічае велізарная колькасць хімічных элементаў і злучэнняў. Найважнейшыя з іх тыя, што вызначаюць сучасны этап развіцця біясферы і звязаны з гаспадарчай дзейнасцю чалавека.

Да іх адносяцца кругаварот вугляроду, серы, азоту і фосфару. Аксіды першых трох з’яўляюцца галоўнымі забруджвальнікамі атмасферы, а фасфаты — забруджвальнікамі водных басейнаў. Вялікае значэнне мае веданне кругавароту шэрага таксічных элементаў, у прыватнасці ртуці (забруджвальнік харчовых прадуктаў) і свінцу (кампанент бензіну, які забруджвае глебу і атмасферу).

У кругаварот уцягваюцца шматлікія рэчывы антрапагеннага паходжання (ДДТ, пестыцыды, радыенукліды і інш.), якія наносяць шкоду біёце і здароўю чалавека.