§ 1-2. ГІСТОРЫЯ ПАХОДЖАННЯ І ФАРМІРАВАННЯ СУЧАСНАГА РЭЛЬЕФУ ЗЯМЛІ

icon
Успамінаем. Як уплываюць на рэльеф унутраныя і знешнія сілы Зямлі? Што такое планетарныя формы рэльефу? Якія бываюць віды выветрывання? Як выветрыванне ўздзейнічае на горныя пароды?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Чаму важна ведаць пра заканамернасці фарміравання сучаснага рэльефу? Якое практычнае значэнне маюць веды пра асаблівасці эпох гораўтварэння?

Сучасныя ўнутраныя і знешнія прыродныя працэсы ўтварэння рэльефу. Рэльеф зямной паверхні фарміруецца ў выніку ўзаемадзеяння эндагенных і экзагенных працэсаў.

Эндагенныя працэсы адбываюцца ўнутры Зямлі. Яны суправаджаюцца пераўтварэннем і перамяшчэннем рэчыва ў мантыі і зямной кары. Гэта прыводзіць да вертыкальных і гарызантальных тэктанічных рухаў зямной кары. Зямная кара дэфармуецца. Фарміруюцца буйныя структурныя формы рэльефу сушы, дна мораў і акіянаў.

iconПапрацуем з атласам. Знайдзіце на карце буйныя формы рэльефу, створаныя эндагеннымі працэсамі.

Адначасова з эндагеннымі працэсамі ў фарміраванні рэльефу Зямлі ўдзельнічаюць экзагенныя працэсы. Найбольш актыўнымі экзагеннымі працэсамі ўтварэння рэльефу выступаюць дзейнасць паверхневых вод, Сусветнага акіяна, падземных вод, лёду, ветру, раслін, жывёл і чалавека. Экзагенныя працэсы звычайна ствараюць сярэднія і дробныя формы рэльефу. Яны на працягу геалагічнага часу руйнуюць і нівелююць рэльеф зямной паверхні.

icon Клуб географаў-знаўцаў. Жывыя арганізмы могуць непасрэдна ўдзельнічаць у фарміраванні рэльефу, ствараючы самастойныя формы ў выглядзе каралавых пабудоў (рыфы, атолы), вустрычных банак, абумоўліваючы мангравы або маршавы тып берагоў, развіццё балот і ўтвараючы найменшыя формы рэльефу (тэрмітнікі, норы і г. д.). Яны таксама ўскосна ўплываюць на развіццё рэльефу праз біялагічнае выветрыванне парод.

На фарміраванне рэльефу ўплывае склад горных парод, кліматычныя ўмовы і іншыя прыродныя фактары. Непасрэдна ў стварэнні рэльефу яны не ўдзельнічаюць, але вызначаюць інтэнсіўнасць і геаграфічнае распаўсюджанне рэльефаўтваральных працэсаў.

iconСвет і Беларусь. Якія эндагенныя і экзагенныя фактары аказалі найбольшы ўплыў на фарміраванне рэльефу Беларусі? Прывядзіце прыклады найбольш характэрных для Беларусі тыпаў і форм рэльефу.