Уводзiны

icon
Успамінаем. Што вывучае геаграфія? Якое значэнне мае сацыяльна-эканамічная геаграфія? Для чаго чалавеку патрэбны геаграфічныя веды?
icon
Вывучаем, каб ведаць. Як вызначыць, што праблема чалавецтва з’яўляецца глабальнай? Чаму ўзнікаюць глабальныя праблемы чалавецтва? Як геаграфічныя веды могуць быць выкарыстаны для вырашэння глабальных праблем чалавецтва?

Глабальныя праблемы чалавецтва і роля геаграфіі ў іх вырашэнні. Тэрміны «глабальны» і «рэгіянальны» ў геаграфіі адлюстроўваюць два асноўныя напрамкі ўспрымання навакольнага свету і практычнай дзейнасці чалавека. Шырокае развіццё глабальнага напрамку ў геаграфіі пачынаецца з 70-х гг. XX ст. У гэты час узмацняецца ўсведамленне цэласнасці навакольнага свету, пашыраюцца ўяўленні пра глабальныя праблемы развіцця чалавецтва. Першапачаткова да іх адносілі ў асноўным геаэкалагічныя праблемы (змяненне клімату, скарачэнне біяразнастайнасці, забруджванне навакольнага асяроддзя і інш.). Пазней сталі разглядаць і глабальныя з’явы грамадскага характару, звязаныя з палітыкай, эканомікай, вытворчасцю, тэхналогіямі і г. д.

Важнасць і неабходнасць глабальнага ўяўлення пра свет абумоўлена глыбокім крызісам развіцця чалавецтва на мяжы тысячагоддзяў. У сувязі з гэтым адна з галоўных задач сучаснай геаграфіі — распрацоўка навуковых асноў і практычных рэкамендацый па аптымізацыі ўзаемадзеяння грамадства і прыроды для вырашэння праблемы ўстойлівага развіцця чалавецтва.

icon
Паразважаем. Чаму геаграфія выконвае важную ролю ў вывучэнні ўзаемаадносін грамадства і прыроды?
icon

Глабальныя праблемы чалавецтва — сукупнасць прыродна-экалагічных і сацыяльна-эканамічных праблем, ад вырашэння якіх залежыць развіццё чалавецтва і захаванне цывілізацыі.

У канцы XX ст. сфарміраваліся тры асноўныя крытэрыі выяўлення жыццёва важных праблем чалавецтва (мал. 1).

Паводле гэтых крытэрыяў вылучаюць шэсць груп глабальных праблем чалавецтва (мал. 2).

Усе планетарныя праблемы ў той ці іншай ступені выкліканы абвастрэннем супярэчнасцей паміж грамадскім развіццём і прыроднымі сістэмамі Зямлі і ўзаемазвязаны.

Глабальныя праблемы маюць канкрэтнае праламленне ў асобных краінах і раёнах. Таму важна разглядаць глабальныя і рэгіянальныя праблемы ў цеснай узаемасувязі.

Аналіз глабальных праблем неабходны для распрацоўкі канструктыўных мер іх вырашэння на рэгіянальным узроўні. Каб вырашыць гэтыя задачы, неабходна абавязковае супрацоўніцтва географаў з прадстаўнікамі іншых навук — грамадскіх, прыродазнаўчых і тэхнічных.

icon
У свеце ўсё ўзаемазвязана. З раней вывучаных курсаў геаграфіі прывядзіце прыклады рэгіянальнага праяўлення глабальных праблем чалавецтва.
img
Мал. 1. Крытэрыi выяўлення глабальных праблем чалавецтва
img
Мал. 2. Групы глабальных праблем чалавецтва