| 
 Стварэнне любога аконнага дадатку ажыццяўляецца, як правіла, у тры этапы: 
- Стварэнне інтэрфейса дадатку, г. зн. сродкаў узаемадзеяння карыстальніка з праграмай.
  
- Распрацоўка сцэнарыя работы будучага дадатку. На гэтым этапе вызначаюць, якая інфармацыя будзе выводзіцца на экран, якія падзеі будуць адбывацца пры выкарыстанні розных кампанентаў, як дадатак павінен завяршыць работу, якія вынікі і ў якім выглядзе захаваць і г. д.
 
- Распрацоўка алгарытму рашэння пастаўленай задачы.
 
 
Большасць дадаткаў у аперацыйнай сістэме Windows выглядаюць і паводзяць сябе падобным чынам. Кампанія Microsoft прапанавала рэкамендацыі для распрацоўкі праграмнага забеспячэння, накіраваныя на тое, каб карыстальнік не марнаваў час на засваенне нюансаў карыстальніцкага інтэрфейса новай праграмы, а адразу пачаў прадуктыўна яе выкарыстоўваць. Гэтыя рэкамендацыі заснаваныя на псіхафізіялагічных асаблівасцях чалавека і істотна палегчаць жыццё будучым карыстальнікам вашай праграмы. 
Прывядзём некаторыя рэкамендацыі па распрацоўцы графічнага інтэрфейса аконных дадаткаў (прыклад 20.1).  | 
Прыклад 20.1. Рэкамендацыі па стварэнні аконных дадаткаў. 
- У дадатку рэкамендуецца размясціць галоўнае меню і інструментальную панэль хуткіх кнопак, дублiруючых асноўныя раздзелы меню.
 
- Пажадана, каб аб'екты дадатку валодалі кантэкстнымі меню, якія з'яўляюцца пры націску правай клавішай мышы па аб'екце.
 
- Для аб'ектаў рэкамендуецца прапісаць падказкі, якія усплываюць пры навядзенні паказальніка мышы на аб'ект.
 
- Рэкамендуецца рэалізаваць радок стану, які выкарыстоўваецца для выдавання рознай інфармацыі.
 
- Пры націску клавішы F1 павінен загружацца файл даведкі.
 
- У праграме пажадана рэалізаваць магчымасць налады і захавання налад, каб пры наступным сеансе працы іх не прыйшлося ўстанаўліваць нанова.
 
- Калі вынік працы дадатку залежыць ад якіх-небудзь параметраў, абавязкова пакажыце значэнні па змоўчанні. Яны дазволяць паскорыць узаемадзеянне карыстальніка з праграмай, а таксама з'яўляюцца прыкладам таго, у якім фармаце даныя варта ўводзіць.
 
  
Магутным уздзеяннем на псіхіку чалавека з'яўляецца колер, таму з ім трэба абыходзіцца вельмі асцярожна. Трэба імкнуцца выкарыстоўваць абмежаваны набор колераў і надаваць увагу іх правільнаму спалучэнню. Успрыманне колеру ў чалавека вельмі індывідуальна, таму не варта навязваць усім сваё бачанне колеру. Пажадана, каб асноўны колер формы быў нейтральным (напрыклад, у большасці дадаткаў Microsoft гэта светла-шэры колер). 
 |