§ 2. Старажытнае насельніцтва Беларусі

1. Чаму тэрыторыя Беларусі доўгі час не магла быць заселена людзьмі?
2. Якія этапы развіцця чалавечага грамадства вы ведаеце з курса сусветнай гісторыі?

5. Насельніцтва Беларусі ў бронзавым веку

Бронзавы век — ​адзін з найважнейшых перыядаў у гісторыі першабытнага грамадства, бо ён звязаны з узнік­неннем металургіі, апрацоўкай і выкарыстаннем медзі і бронзы. У гэты час завяршыўся пераход да вытворчых формаў гаспадаркі; менавіта ў бронзавым веку сфар­міраваліся шматлікія сучасныя народы.

Пераварот у першабытнай тэхніцы зрабіла новае вынаходства: у медзь сталі дадаваць волава і атрымалі больш трывалы метал — ​бронзу. Але для Беларусі паняцце «бронзавы век» даволі ўмоўнае, бо мясцовай сыравіны для вырабу бронзы (медзі і волава) у Беларусі не было. Усе бронзавыя прадметы, знойдзеныя археолагамі, былі або прывазныя, або створаныя з прывазной сыравіны, радовішчы якой знаходзіліся ў Карпатах ці на Каўказе. Таму бронзавыя прылады працы не змаглі выцесніць каменныя. Лічыцца, што менавіта ў бронзавым веку апрацоўка каменю дасягнула свайго найвышэйшага ўзроўню. Першыя металічныя вырабы з’явіліся на тэрыторыі Беларусі ў Верхнім Падняпроўі.

У бронзавым веку паўсюдна пашырыўся разнастайны пласкадонны посуд: міскі, друшлякі, гаршкі, кубкі. Гэта было выклікана з’яўлен­нем агнішчаў з роўнай паверхняй, сталоў і новых відаў ежы. Людзі жылі ў невялікіх умацаваных пасе­лішчах, якія размяшчаліся пасярод рачных далін. Лічыцца, што іх жытлы ўяўлялі сабой невялікія прамавугольныя драўляныя збудаванні слупавой канструкцыі, зямлянкі або паўзямлянкі з адным ці двума памяшканнямі. Такія жытлы мелі двух­схільны дах. Побач з жытлом размяшчаліся га­спадарчыя пабудовы, дзе захоўвалі сена, салому, зерне. Вакол паселішча ўзводзілі агароджу.

Першабытная замкнёнасць плямёнаў па­ступова парушалася, далёкія плямёны пераймалі вынаходствы адно ў аднаго. У выніку ў бронзавым веку склаліся вялікія групы людзей, якія размаўлялі, знаёміліся паміж сабой, абменьваліся, выпрацоўвалі словы на агульнай, зразумелай усім мове.