§ 2-23. Антонімы, іх роля ў маўленні. Вобразна-выяўленчыя магчымасці антонімаў. Слоўнікі антонімаў
| Сайт: | Профильное обучение |
| Курс: | Беларуская мова. 10 клас |
| Книга: | § 2-23. Антонімы, іх роля ў маўленні. Вобразна-выяўленчыя магчымасці антонімаў. Слоўнікі антонімаў |
| Напечатано:: | Гость |
| Дата: | Saturday, 18 April 2026, 15:25 |
Практыкаванне 18
Прачытайце тэкст. Падрыхтуйце на яго аснове вуснае паведамленне пра антонімы.
Антонімы (грэч. anti — супраць, onyma — імя, назва) — словы з супрацьлеглым значэннем: добры — злы, дзень — вечар, далёка — блізка. Антонімы могуць мець не ўсе словы, а толькі тыя, якім уласціва агульнае значэнне якасці, часу, прасторы, колькасці. Не ўтвараюць антанімічных пар уласныя назоўнікі (Міхась, Мінск, Венера), канкрэтныя назоўнікі (стол, дуб, сшытак), лічэбнікі (тры, сем, пяцёра) і інш.
У антанімічныя пары ўваходзяць словы адной часціны мовы: назоўнікі (святло — цемра), прыметнікі (вялікі — малы), дзеясловы (пачынаць — заканчваць), прыслоўі (цёпла — холадна).
Паводле структуры антонімы бываюць аднакаранёвыя (праўда — няпраўда, цяжкі — няцяжкі, рэлігійны — антырэлігійны) і рознакаранёвыя (верх — ніз, чорны — белы).
Словы могуць уступаць у антанімічныя адносіны ў адпаведных кантэкстах. Гэта кантэкстуальныя антонімы — такія пары слоў, супрацьлеглае значэнне якіх выяўляецца толькі ў пэўным кантэксце: Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая (Паводле А. Васілевіч).
Практыкаванне 19
Складзіце з прыведзеных слоў антанімічныя пары, запішыце іх.
Верх, далёка, купіць, браць, варожы, блізка, праўдзівы, ніз, крывадушны, аддаваць, дружалюбны, прадаць.
Практыкаванне 20
Запішыце сказы, устаўляючы прапушчаныя літары і раскрываючы дужкі.
Пастаўце неабходныя знакі прыпынку.
Падкрэсліце ў сказах антанімічныя пары.
Назавіце словы, якія выступаюць у якасці антонімаў толькі у пэўным кантэксце.
1. Сэрца маткі заўсёды чуе і кепскае і добрае (З. Бядуля).
2. Большы брат згатаваў добры абе(д/т) нава(д/т) два скруткі каўбасы на стол паклаў а меншым тол..кі пазірае (А. Якімовіч).
3. Не трэба думаць пра тое што было і больш не вернецца н(і/е)колі. Калі добрае то можна (у/ў)спомніць і пацешыцца а калі дрэн..ае дык забыцца на яго трэба (К. Чорны).
4. Як дзень ад..ходзіцьсл пр..ходзіць нябыт начных заспако..ных слоў (А. Куляшоў).
5. Ты з Заходн..й я з Усходн..й нашай Беларусі больш з табою ўжо н(і/е)колі я не разлучус.. (Я. Купала).
Практыкаванне 21
Утварыце ад прыведзеных слоў аднакаранёвыя, карыстаючыся пададзенымі ў дужках прыстаўкамі. Запішыце словы, падкрэсліце тыя, што складаюць антанімічныя пары.
Адчыніць (дзверы) — (пры-, рас-, за-);
ускочыць — (за-, ад-, вы-, пера-, на-);
наступаць — (вы-, за-, пера-, ад-, у-);
загарнуць — (з-, пера-, раз-, пры-, вы-).
|
Звярніце ўвагу! Мнагазначныя словы маюць некалькі антонімаў: кожнаму значэнню адпавядае пэўны антонім. |
Практыкаванне 22
Падбярыце да прыведзеных словазлучэнняў антанімічныя.
Запішыце пары, якія ў вас атрымаліся.
Старая кніга, спелы яблык, глухая восень, правая партыя, мяккі зычны, моцны характар, вялікія падзеі, залатыя рукі, стары чалавек, старая газета.
|
Ha выкарыстанні антонімаў заснаваны некаторыя стылістычныя фігуры. Антытэза (ад грэч. antithesis — супрацьпастаўленне) — выраз, у якім супрацьпастаўляюцца розныя паняцці: Сыты галоднаму не спагадае (Прыказка). Аксю̀маран — наўмыснае спалучэнне супрацьлеглых па сэнсе, несумяшчальных паняццяў, якія лагічна ўзаемавыключаюцца, але ствараюць новы паэтычны вобраз, калі ўжываюцца разам: звонкая цішыня, гарачы снег. I антонімы, і антытэза, і аксюмаран шырока выкарыстоўваюцца ў творах вуснай народнай творчасці, мастацкай літаратуры, у публіцыстыцы ў якасці мастацкіх сродкаў выразнасці з мэтай характарыстыкі асоб, прадметаў, падзей, а таксама для стварэння каламбураў, гумарыстычных замалёван (Паводле В. Краснея). |
Практыкаванне 23
Спалучыце пачатак і заканчэнне прыказак. Зачытайце іх.
|
1) Добрая слава людзей збірае, 2) Лёгка пасварыцца, 3) Хто не шануе чужога, 4) Мякка сцеле, 5) Згодаю двор збудуеш, 6) Рыхтуй летам сані, |
а) той і свайго не мае. б) а нязгодаю — гатовае разбурыш. в) а дрэнная — разганяе. г) а зімой калёсы. д) цяжка памірыцца. е) ды мулка спаць. |
Выпішыце з прыказак пары антонімаў.
Практыкаванне 24
Дапішыце прыказкі, устаўляючы патрэбныя антонімы.
1. Сыты … не спагадае.
2. Лепш трошкіс зрабіць, чым … нагаварыць.
3. Старасць слабая на ногі, ды … на розум.
4. На свята падумай пра будзень, а ўлетку пра … .
5. Чорнае … не стане.
6. Лепш адзін прыяцель, чым дзесяць … .
7. Што аднаму цяжкаф, тое гуртам … .
8. Сухі марац, … май — будзе жыта, нібы гай.
Назве якога вясенняга месяца адпавядае слова марац?
Раскажыце, на чым заснаваны стылістычны прыём антытэза.
Практыкаванне 25
Прачытайце верш.
Выпішыце з яго прыклады аксюмарана.
Абгрунтуйце сваё меркаванне.
Ці доўга было гэта?
Можа, хвіліна,
Можа, паўвека, а можа, больш…
Але пакінула ты, дзяўчына,
Смутную радасць і светлы боль.
М. Лужанін.
Практыкаванне 26
Прачытайце артыкул са слоўніка антонімаў. Раскажыце на яго аснове, як падаюцца антонімы ў слоўніку.
ВЕТЛІВАСЦЬ — ГРУБАСЦЬ
|
Пачцівасць, прыветлівасць у адносінах з людзьмі |
Непачцівасць, непрыветлівасць у адносінах з людзьмі |
Ветлівасць (грубасць) уласціва, характэрна; людская, спадчынная.
Грубасць адных ураўнаважваецца ветлівасцю другіх («Чырвоная змена»).
Лазоўскі У. М. Слоўнік антонімаў беларускай мовы: канкрэтныя выпадкі ўжывання. Мінск: Універсітэцкае, 1994.
Практыкаванне 27
Выпішыце са слоўніка антонімаў тры артыкулы. Вызначце, з якой стылістычнай мэтай выкарыстаны антонімы ў аўтарскіх тэкстах, прыведезеных у слоўнікавых артыкулах у якасці прыкладаў.
