§ 21. Гуманізм і Адраджэнне

Сайт: Профильное обучение
Курс: Сусветная гісторыя ад старажытных часоў да канца XVIII ст. 10 клас
Книга: § 21. Гуманізм і Адраджэнне
Напечатано:: Гость
Дата: Tuesday, 4 November 2025, 23:23

Описание

Як гуманістычныя ідэі паўплывалі на культуру Адраджэння?

Чым адрозніваюцца погляды гуманістаў на прызначэнне чалавека ад рэлігійных уяўленняў? Чаму гуманістаў цікавіла антычная культура? (Гісторыя Новага часу, 7 клас)

1. Гістарычныя перадумовы развіцця культуры Адраджэння

Перыяд ідэйнага і культурнага развіцця краін Заходняй і Цэнтральнай Еўропы, які ахоплівае XIV–XVI стст., увайшоў у гісторыю пад назвай Рэнесанс (фр. Renaissance — ​Адраджэнне). Адмова ад сярэднявечнай рэлігійнасці і аскетызму, росквіт гуманізму, навуковыя адкрыцці і новыя вынаходствы сталі характэрнымі рысамі новай эпохі.

У чым жа былі прычыны станаўлення ў Еўропе новай культуры? У пашырэнні гандлёвых сувязяў і знаёмстве з іншымі народамі? Ва ўрбанізацыі, развіцці рамёстваў і фінансавай сістэмы? У падзенні аўтарытэту каталіцкай царквы і станаўленні нацыянальных дзяржаў? Ці вырашальным фактарам стала абуджэнне цікавасці еўрапейцаў да Антычнасці?

Рэнесанс пачаўся з Італіі — ​самага ўрбанізаванага рэгіёна Еўропы, дзе найраней пачалі складвацца капіталістычныя адносіны. У італьянскіх гарадах-дзяржавах феадальная знаць была цесна звязана з купецкімі вярхамі, а саслоўная структура была моцна размытая. Менавіта ў гарадскім асяроддзі найбольш выразна стала праяўляцца дынаміка ў светаўспрыманні розных слаёў грамадства. Для вядзення новай камерцыйнай дзейнасці патрабаваўся новы светапогляд, які засяроджваўся б не на Богу, а на дзейсным, актыўным, паспяховым чалавеку. Не дзіва, што менавіта італьянскія гарады сталі цэнтрамі навукі і мастацтва, вольнымі ад царкоўных канонаў і прадпісанняў.

Важнай рысай станаўлення культуры Адраджэння стала аслабленне ўплыву царквы на грамадства. Маральная разбэшчанасць і духоўны застой настроілі супраць каталіцкага духавенства вальнадумных людзей. Свецкія правіцелі таксама былі незадаволеныя ўплывам царквы, яны аддавалі перавагу правядзенню незалежнай палітыкі, накіраванай на стварэнне цэнтралізаваных дзяржаў з абсалютнай уладай правіцеля.

Крыжовыя паходы на Усход, падзенне Візантыі ў 1453 г., а таксама знаёмства з араба-мусульманскім светам узбагацілі еўрапейскую культуру, прывялі да пераймання новых, не характэрных для яе прывычак і звычаяў. Аднак не варта забывацца пра тое, што мусульманская культура ўвабрала ў сябе многае з антычнай спадчыны. На арабскую мову былі перакладзены практычна ўсе знакамітыя працы грэчаскіх аўтараў. З арабскага Усходу ў Еўропу трапілі творы Платона, Арыстоцеля, Піфагора, Эўкліда і інш. Яшчэ ў большай ступені, чым арабская культура, Антычнасцю была прасякнутая культура візантыйцаў. Яны, уцякаючы ў Еўропу пасля падзення Канстанцінопаля, перавозілі свае бібліятэкі з працамі грэчаскіх і рымскіх аўтараў.

Адкрыццё новых зямель і кантынентаў прывяло еўрапейцаў да разумення памылковасці хрысціянскага апісання свету з уяўленнямі плоскай Зямлі і руху Сонца вакол яе. Дасягненні ў галіне астраноміі, далёкія плаванні і кругасветныя падарожжы паказалі людзям рэальны свет. Пашырэнне прасторавых гарызонтаў патрабавала новай інтэрпрэтацыі рэчаіснасці і месца чалавека ў ёй. Ідэал сярэднявечнага манаха-аскета больш не задавольваў актыўную, прадпрымальную частку еўрапейскага грамадства.

2. Гуманізм — ​філасофія Адраджэння

На рубяжы Сярэдніх вякоў і Новага часу ў процівагу царкоўнаму погляду на чалавека як на нікчэмную і грахоўную істоту ўзнік новы светапогляд — ​гуманізм (ад лац. humanus — ​людскі, чалавечны). Яго прыхільнікаў пачалі называць гуманістамі. Гуманізм стаў філасофскай асновай, ідэалогіяй еўрапейскага Адраджэння.

Гуманістаў прываблівалі перш за ўсё чалавек і яго справы. Рэлігійны ідэал адмаўлення ад радасцяў жыцця, уласцівы Сярэднявеччу, змяніўся жывой цікавасцю да свету. Мэтай чалавечага існавання абвяшчаліся радасць і асалода ад жыцця, актыўныя дзеянні, накіраваныя на зацвярджэнне свайго месца ў свеце. Як абвясціў італьянскі гуманіст Дж. Піка дэла Мірандала, чалавеку «дадзена валодаць тым, чаго пажадае, і быць тым, кім хоча». Прызнанне неабмежаваных магчымасцяў чалавечага розуму стала неад’емнай часткай самасвядомасці прадстаўнікоў культуры Адраджэння.

Гуманісты абвясцілі права чалавека на шчасце ў зямным, а не замагільным жыцці, права на свабоду, справядлівасць і лепшае грамадскае ўладкаванне. Аднак не трэба ідэалізаваць гуманізм і ігнараваць яго ўнутраныя супярэчнасці. Разнявольваючы чалавечую асобу ад духоўнай улады каталіцкай царквы, гуманізм у той жа час садзейнічаў выхаванню глыбокага індывідуалізму, здольнага аказаць негатыўны ўплыў на ўзаемадзеянне людзей у соцыуме. Прыхільнікі гуманістычных ідэй былі выхадцамі з вышэйшых слаёў грамадства. Яны з пагардай ставіліся да беднякоў і звярталіся, як правіла, да багацеяў і арыстакратаў з заклікам атрымліваць дарагую адукацыю.

У XVI ст. гуманістычны рух ахапіў большасць еўрапейскіх краін: ад Англіі і Нідэрландаў да Германіі і Швейцарыі, ад Пірэнейскага паўвострава да Польшчы і Венгрыі.

Асноўныя ідэі Рэнесансу знайшлі адлюстраванне ў літаратуры. Італьянскія пісьменнікі Франчэска Петрарка, Джавані Бакача, пісьменнікі-гуманісты Франсуа Рабле з Францыі, Уільям Шэкспір з Англіі, Мігель дэ Сервантэс з Іспаніі накіравалі свой позірк на чалавека як асобу, вольную ад рэлігійных забабонаў, са складанымі пачуццямі, імкненнем пазнаць навакольны свет праз разважлівасць і асабісты вопыт.

2-1. Змены ў духоўным жыцці і культуры

Культура Адраджэння насіла свецкі, антырэлігійны характар, яна сцвярджала гуманістычныя ідэалы гарманічнай, свабоднай творчай асобы. Гэта выклікала грандыёзны пераварот у сістэме духоўных каштоўнасцей, вывеўшы на пярэдні план не пакланенне Богу, а цікавасць да чалавека. Гуманісты былі глыбока веруючымі людзьмі, аднак з абурэннем ставіліся да заган каталіцкай царквы. Сярэднявечча яны ацэньвалі як час рэлігійнай цемры і невуцтва.

Адным з самых вядомых крытыкаў царквы стаў галандскі мысліцель, навуковец і багаслоў Эразм Ратэрдамскі. У творы «Пахвала дурасці» ён выказаў агіду да фальшывай маралі і паразітычнага ладу жыцця каталіцкага духавенства. Вучоны-гуманіст патрабаваў вяртання да сапраўднай хрысціянскай маралі. Мэту жыцця чалавека ён бачыў у тым, каб прытрымлівацца законаў высокай маральнасці, а магчымасць пабудовы ідэальнага грамадства звязваў з ростам духоўнасці.

У XVI ст. рух гуманістаў ахапіў большасць еўрапейскіх краін: ад Англіі і Нідэрландаў да Германіі і Швейцарыі, ад Пірэнейскага паўвострава да Польшчы і Венгрыі.

3. Мастацтва Адраджэння

У эпоху Адраджэння з’явіліся новыя свецкія кірункі жывапісу, новая скульптура і архітэктура, якія адлюстроўвалі змяненні ў поглядах на навакольнае асяроддзе і на чалавека.

Мастакі, выкарыстоўваючы гульню святла і ценю, навучыліся перадаваць адчуванне прасторы. Усю разнастайнасць свету і багацце асобы чалавека імкнуліся адлюстраваць на сваіх палотнах выдатныя жывапісцы Адраджэння, якія працавалі ў XVI ст.: Леанарда да Вінчы, Рафаэль Санці, Мікеланджэла і Тыцыян у Італіі, Пітэр Брэйгель Старэйшы ў Нідэрландах, Альбрэхт Дзюрэр у Германіі і інш.

Значны ўклад у тэхніку жывапісу ўнеслі фламандскія мастакі. Яны першыя пачалі эксперыментаваць з фарбамі на алейнай аснове. Новыя фарбы, у адрозненне ад ранейшых, тэмперных, высыхалі даўжэй і лягчэй змешваліся. Таму мастакі змаглі перадаваць на сваіх палотнах няўлоўныя цені і самыя тонкія адценні колеру.

У эпоху Рэнесансу мастакі вярнуліся да класічных прынцыпаў грэчаскага і рымскага мастацтва. Яны падарожнічалі па Італіі, чэрпаючы натхненне ў сузіранні старажытнарымскіх збудаванняў і скульптур.

Каб рэалістычна адлюстроўваць чалавечае цела, мастакі звярнуліся да анатоміі, якую яны сталі вывучаць па целах памерлых. З прычыны ганенняў царквы рабіць гэта даводзілася патаемна. У эпоху Адраджэння дзякуючы вывучэнню будовы чалавечага цела было створана шмат шэдэўраў скульптуры і жывапісу.

Радыкальныя змены адбыліся і ў архітэктуры. Інжынерныя прынцыпы, распрацаваныя Філіпа Брунелескі ў XV ст., выкарыстоўваў пры праектаванні купала сабора Св. Пятра ў Рыме знакаміты Мікеланджэла Буанароці.

3-1. Жанчына ў эпоху Рэнесансу

У эпоху Адраджэння адбылося пераасэнсаванне месца і ролі жанчыны ў грамадстве і культуры. З'явіўся новы вобраз жанчыны — прадстаўніцы шляхты, юнай арыстакраткі, якая мела асаблівую цягу да вучобы і імкнулася да большай самастойнасці. Аднак нярэдка такім жанчынам аказвалася складаней распараджацца маёмасцю і заяўляць пра сябе ў палітыцы, чым прадстаўніцам эпохі Сярэднявечча.

Тым не менш у XVI ст. было нямала жанчын-правіцельніц. Самыя вядомыя з іх — каралевы Кацярына Медычы ў Францыі, Марыя Сцюарт у Шатландыі, Ізабэла Кастыльская ў Іспаніі, Марыя I Цюдор і Лізавета I у Англіі.

Аднак такое становішча задавальняла не ўсіх. Шатландскі багаслоў і рэфарматар Джон Нокс у творы «Першы трубны голас супраць жахлівага рэжыму жанчын» люта асуджаў жанчын-палітыкаў: «Заахвочваць жанчыну да панавання, перавагі, валадарства або імперскага праўлення над любой дзяржавай, народам ці горадам агідна па прыродзе, гэта абраза ў адносінах да Бога і падрыў правільнага парадку ... і справядлівасці».

У эпоху Адраджэння з'явіліся ўнікальныя мадэлі ўладкавання грамадства, у межах якіх было пераасэнсавана месца жанчын. Праўда, гэтыя мадэлі часткова ўвасобіліся ў жыццё толькі ў XX ст. Упершыню ў еўрапейскай гісторыі з'явілася рэвалюцыйная па сваёй сутнасці думка аб роўнасці мужчын і жанчын. Гэтую ідэю, у прыватнасці, абвясціў у знакамітай «Утопіі» Томас Мор. У сваёй ідэальнай дзяржаве ён дазволіў жанчынам нароўні з мужчынамі ўдзельнічаць у жыцці краіны, займацца земляробствам, вывучаць рамёствы, станавіцца святарамі, служыць у войску, атрымліваць адукацыю. Выхаваннем жа дзяцей, на думку аўтара «Утопіі», можа займацца ўсё грамадства. Вядома, падобныя погляды былі занадта наватарскімі для таго часу. Большасць сучаснікаў Т. Мора бачылі ў жанчыне ў першую чаргу маці, якая павінна выхоўваць дзяцей.

Становішча жанчын, нягледзячы на іх багацце, моцна адрознівалася ад становішча мужчын. Добра адукаваныя арыстакраткі, дасведчаныя ў жывапісе, музыцы і танцах, упрыгожвалі жыццё сваіх мужоў, ім адводзілася роля клапатлівых жонак і маці. Выключэнне складалі некаторыя ўдовы ў Італіі і Францыі, якія здолелі пасля смерці мужоў-камерсантаў стаць паўнавартаснымі членамі гандлёвых гільдый.

Жанчына з багатай сям'і, як правіла, усё жыццё залежала ад мужчын, якія павінны былі яе матэрыяльна забяспечваць: спачатку ад бацькі, затым ад мужа. Нядзіўна, што вялікая ўвага пры заключэнні шлюбаў надавалася шлюбнаму дагавору, у якім фіксаваўся пасаг нявесты. Прасталюдзінкі не маглі разлічваць на фінансавую падтрымку з боку бацькоў або мужоў. З 12 гадоў дзяўчынкі з простых сем'яў ішлі працаваць, каб забяспечыць сябе і сабраць грошы на пасаг.

Прыкметным дасягненнем Адраджэння стаў паступовы рост колькасці адукаваных жанчын, пераважна з ліку арыстакратыі. Вышэйшая адукацыя заставалася прэрагатывай мужчын. Жанчыны ж атрымлівалі, як правіла, хатнюю адукацыю. Дзякуючы развіццю кнігадрукавання яны сталі актыўна ўключацца ў інтэлектуальнае жыццё.

Значную ролю ў распаўсюджванні кніжнай культуры сярод арыстакратак адыгралі салоны, якія арганізоўваліся свецкімі дамамі пераважна дома. Здабыўшы папулярнасць з 1600-х гг., салоны сталі месцам дыскусій, абмену думкамі. Шырокую вядомасць набылі салоны Маргарыты Валуа і Маргарыты Наварскай у Францыі. Усё больш знатных дам захапляліся паэзіяй, літаратурай і жывапісам. Некаторыя з іх сталі прафесіяналамі ў галіне мастацтва.

Першай прафесійнай пісьменніцай у Еўропе стала ў пачатку XV ст. Крысціна Пізанская. У адной са сваіх паэм яна ўславіла подзвіг Жаны д'Арк — знакамітай Арлеанскай дзевы, гераіні Стогадовай вайны. Яшчэ адна з найбольш адукаваных жанчын Адраджэння — французская пісьменніца і перакладчыца Мары дэ Гурнэ. Самастойна вывучыўшы латынь і гуманітарныя навукі, яна ў 29 гадоў апублікавала сваю першую кнігу. М. дэ Гурнэ займалася перакладамі рымскіх аўтараў, у прыватнасці, Вяргілія. У сваіх працах яна адстойвала права жанчын на адукацыю, уласнасць, доступ да дзяржаўных пасад, атрыманне роўных з мужчынамі магчымасцяў і прывілеяў.

Сваімі творчымі дасягненнямі праславілася італьянская арыстакратка Сафанісба Ангвісола, першая вядомая мастачка эпохі Рэнесансу. Грамадскім прызнаннем яе таленту стала тое, што ў 27 гадоў яна была запрошаная ў Мадрыд да двара Філіпа II у якасці прыдворнай мастачкі. Там яна стварыла знакамітыя партрэты членаў каралеўскай сям'і. Многія мастакі той эпохі вучыліся ў яе і пераймалі яе стыль. Знакаміты Мікеланджэла асабліва высока ацаніў яе талент.

Пра змяненне стаўлення да жанчыны ў еўрапейскім грамадстве эпохі Адраджэння сведчыць культура таго часу. Падпарадкаванне чалавека Богу, якое прапаведавалася ў Сярэднявеччы, змянілася пакланеннем перад прыгажосцю. Пры гэтым асаблівае месца адводзілася адлюстраванню жаночай прыгажосці. У мастацтве Рэнесансу з'явіўся новы ідэал прыгажосці — пачуццёвая, фізічна моцная жанчына-маці. Нядзіўна, што ў эпоху Адраджэння было створана так шмат выяў Венеры і Дзевы Марыі. Бледных, змардаваных жанчын з вялізнымі вачыма, скіраванымі да Бога, на палотнах змянілі бялявыя і золатавалосая прыгажуні Рэнесансу, якія пыхкалі здароўем.

Патанні

1. Вызначце перадумовы развіцця культуры Адраджэння. Складзіце схему (ментальную карту, гекс).

2. Якія ідэі пакладзены ў аснову філасофіі эпохі Адраджэння?

2-1. Ахарактарызуйце змены, якія адбыліся ў духоўным жыцці і культуры еўрапейцаў у Новы час.

3-1. Як змянілася стаўленне да жанчыны ў эпоху Рэнесансу?

4-1. Падрыхтуйце паведамленні або правядзіце міні-даследаванне па тэмах: «Стандарты жаночай прыгажосці эпохі Адраджэння», «Сакрэты прыгажосці ў эпоху Адраджэння».

5-1. Падрыхтуйце флаер (плакат), прысвечаны вядомай карціне або скульптуры эпохі Адраджэння, у якой знайшлі адлюстраванне новыя веды ў галіне анатоміі.